"Механізм захавання Лукашэнкі": Чалы пра папраўкі ў Канстытуцыю

Плакат на пратэсце супраць "дэкрэта аб дармаедах" / Еўрарадыё
Плакат на пратэсце супраць "дэкрэта аб дармаедах" / Еўрарадыё

Аналітык Сяргей Чалы лічыць, што новая Канстытуцыя — гэта не Канстытуцыя транзіту ўлады: "Але самае галоўнае вось што: гэта механізм захавання Лукашэнкі".

— Нам расказвалі пра тое, што яна [Канстытуцыя. — Еўрарадыё] будзе рабіцца для гэтага. Што народ патрабуе нейкіх "перамен", адпаведна, прыдумаем там УНС, які будзе галоўным органам народаўладдзя. Хоць ужо ёсць яшчэ адзін орган народаўладдзя пры яшчэ адным усенародна абраным прэзідэнце. Які, праўда, з дапамогай новага органа народаўладдзя вымушаны абараняцца ад таго народа, які яго ўсенародна абраў. Карацей, складаная канструкцыя. Вось яны, хутчэй за ўсё, самі ў ёй даволі-такі моцна заблыталіся.

Як лічыць Чалы, нейкай рэпетыцыяй транзіту магло быць пераабранне кіраўніка НАК, "калі Лукашэнку памянялі на Лукашэнку".

— Там Лукашэнка гаварыў пра іншага Лукашэнку, што "гэта ён мне канкурэнцыю тут складае". Карацей, гаварыў не перастаючы. І было відаць, як для яго некамфортна знаходзіцца ў гэтай сітуацыі няхай нават такога маленькага транзіту ўлады. У яго было пачуццё ілюзіі кантролю, што я там буду і за яго гаварыць, і за вас буду гаварыць. "Ну як жа, ну вы ж там нармальна прагаласуеце". Карацей, стандартная яго сітуацыя, стандартны яго прыём, дзе ён спрабуе дэманстраваць, што ўсім па-ранейшаму кіруе ён.

Па словах Чалага, вельмі дэманстратыўным выглядае інтэрв'ю Наіле Аскер-задэ, якая прыязджала рабіць інтэрв'ю ў 2020 годзе.

— Там ёсць эпізоды, калі яна яшчэ спрабавала звяртацца да Колі. І фактычна Коля нічога не адказаў, таму што ўвесь час адказваў яго тата. То-бок гэта нават не такога роду змена, гэта не спроба прыдумаць якую-небудзь "табурэтку".

У постсавецкіх краінах пачынаецца вакханалія з транзітамі ўлады, лічыць Чалы.

— У краінах, дзе працуе закон, не ўзнікае пытання наогул пра транзіт. Таму што транзіт адбываецца з зайздроснай сталасцю, настолькі руцінна, што ніхто нават і не гаворыць пра нейкі транзіт. Гэтая сітуацыя транзіту і ёсць бесперапынны натуральны стан такога роду грамадстваў.

А ў краінах, дзяржавах, сістэмах, у якіх закон у выніку аказваецца не законам, а працуе па прынцыпе "сябрам — усё, ворагам — закон", дзе закон на самай справе аказваецца інструментам у руках у паноўных вярхоў, вось тады аказваецца, што ніякі транзіт не працуе. І ключавым элементам ёсць сітуацыя беззаконня.

І калі правільна ацэньваць папраўкі ў Канстытуцыю, якія былі ўнесены, то там выяўляецца даволі шмат розных дзіўных і пацешных рэчаў. Ідэя замацоўваць абавязак чалавека перад дзяржавай. Якая ўпершыню пачала ўзнікаць у нашых заканатворцаў з часоў Мясніковіча, які быў распрацоўшчыкам "дэкрэта аб дармаедстве", дзе прадугледжвалася, што ўсё ж грамадска карысная праца павінна быць не правам, а абавязкам чалавека. І ўвесь сэнс гэтай ідэі заключаецца ў тым, што гэта не мы, дзяржава, для вас, гэта вы, народ, для нас. Вы наша кармавая база, рэсурсная. А мы тыя самыя вярхі, якія будуць кіраваць, і пажадана вечна.

Натуральным чынам знікла ідэя, якую ўсім расказваў Лукашэнка пачынаючы яшчэ з часоў, калі ён ездзіў па заводах і расказваў пра тое, што мы правядзём, прыдумаем новую Канстытуцыю і тады ўжо вось прызначым новыя выбары. Калі ён расказваў пра тое, што вулічныя пратэсты гэта дрэнна, а прэзідэнта можна мяняць толькі выбарамі.

Адпаведна, цяпер ідэя якая: наверсе людзі захоўваюць свае паўнамоцтвы да канца свайго тэрміну, маецца на ўвазе 2025 год. І ўжо толькі потым прызначаюцца новыя выбары, у якіх і далей надыходзіць чарговая інтрыга, дзе ўжо ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] думае пра тое, удзельнічаць у іх ці не ўдзельнічаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі