Мэр Мелітопаля паўтарыў чуткі двухтыднёвай даўнасці пра беларускіх вайскоўцаў
Беларускі сцяжок за шклом машыны з расійскімі вайскоўцамі
Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў заявіў, што ў акупаванай частцы Запарожскай вобласці заўважылі вайскоўцаў з Беларусі. "На тэрыторыі горада Мелітопаль ёсць вялікая колькасць вайскоўцаў, якія ў асноўным збіраюцца вакол горада, на яго ўскраінах, а таксама ў цэнтры горада, прыкрываючыся цывільным насельніцтвам. Таксама ёсць факты таго, што знаходзяцца і беларускія вайскоўцы — на тэрыторыі, напрыклад, Мірненскай тэрытарыяльнай абшчыны", — сказаў ён у стрыме на ютуб-канале "Новини Приазов'я".
Еўрарадыё паспрабавала праверыць гэтую інфармацыю. Атрымаць каментар у самога Фёдарава або яго прэс-сакратара не ўдалося. Аднак з іншых крыніц мы высветлілі, што з вялікай імавернасцю мэр паўтарыў чуткі, якія распаўсюджваліся ў рэгіёне каля двух тыдняў таму.
Тады жыхары Мелітопальскага раёна паведамілі, што мясцовыя жыхары заўважылі вайскоўцаў з нашыўкамі Беларусі на бронекамізэльках. Яны нібыта прыехалі на чатырох КаМАЗах у пасёлак Мірны. Менавіта Мірненскую абшчыну Іван Фёдараў згадаў у свежым стрыме.
Чуткі пра беларускіх вайскоўцаў ва Украіне з'яўляюцца рэгулярна. Напрыклад, у сакавіку расійскі ваенкар Аляксандр Коц апублікаваў фота (гл. вышэй) з беларускім сцяжком у машыне з вайскоўцамі, якіх адправілі ў Кіеўскую вобласць Украіны. Пазней высветлілася, што і грузавік, і вайскоўцы ў ім — расійскія, а беларускі сцяжок — сувенір.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.