Мэта "Дынама" на наступны сезон — выйсці ў плэй-оф КХЛ з 4-га месца
А не з 8-га, як гэта атрымалася сёлета. Кіраўніцтва "зубраў" лічыць, што камандзе гэта пад сілу, і таму хоча захаваць яе "касцяк" на наступны год.
Хаця з некаторымі хакеістамі ўсё ж развітваецца. Каманду пакінулі амерыканскі галкіпер Роберт Эш і два чэхі: форвард Петер Сікора і абаронца Томаш Мойжэш.
“Захаванне касцяка — гэта пытанне грошай. Хакеісты пры канцы добра згулялі — і адразу агенты прылятаюць і хочуць шмат грошай… Я ў гэтыя пытанні не лезу, але так бывае заўжды. Усё залежыць ад грошай”, — патлумачыў галоўны трэнер “Дынама” Марэк Сікора.
Але распавядаць, кім “Дынама” кампенсуе гэтыя страты, адміністрацыя клуба строга адмовілася.
“Як толькі мы называем прозвішчы хакеістаў, у якіх мы зацікаўленыя, — растуць сумы ў іх кантрактах. Таму — прабачце”, — распавёў выканаўца абавязкаў гендырэктара “Дынама”Аляксей Торбін.
Легіянеры — легіянерамі, але, па словах кіраўніка каманды Юрыя Бародзіча, беларускі суперклуб па-ранейшаму будзе працаваць на ўвесь айчынны хакей. Сёлета ў “Дынама” напэўна з’явіцца фарм-клуб у экстралізе. Найперш у ім зайграюць хакеісты “Мінскіх зуброў”, якія ў 2011 годзе “перарастаюць” Моладзевую хакейную лігу. У дарослых “зубрах” па-ранейшаму застануцца беларускія звёны — праўда, пакуль невядома, колькі менавіта.
“Інакш узнікаюць пытанні да эфектыўнасці размеркавання сродкаў, якія дзяржава ўкладае ў наш праект, — лічыць Юрый Бародзіч. — Вядома, мы будзем рухацца наперад і прыцягваць кваліфікаваных легіянераў, паралельна захоўваючы тых, якія добра сябе праявілі. Не выключана, што нехта з іх прыме беларускае грамадзянства і зайграе за нацыянальную каманду”.
Найперш гаворка тут ідзе пра Джэфа Плата, які ў адным з інтэрв’ю прызнаўся, што ў перспектыве не супраць стаць беларусам. Што праўда — у агента канадскага форварда з кіраўніцтвам “Дынама” днямі ўзнік канфлікт, і ці застанецца ён у клубе на наступны сезон — пытанне адкрытае. Праўда, гэта звычайная справа, мяркуе Аляксей Торбін:
“Агент незадаволены ўмовамі кантракта, пачынае нейкія зачэпкі шукаць, крытыкаваць нас… Гэта яго праца! Таму не трэба тут завастраць увагу і драматызаваць. Бо навошта хакеіст наймае агента? Каб падвысіць свій кошт. Але клуб падыходзіць да перамоваў са сваімі інтарэсамі. І, натуральна, узнікае канфлікт… Канфлікт, які мы напэўна згладзім”, — сказаў Аляксей Торбін.
Дарэчы, галоўны трэнер “зуброў” Марэк Сікора прыгадвае, што менавіта Джэф Плат адзначыўся самым вялікім штрафам — 1000 долараў — за парушэнне ўнутранага распарадку каманды. Дысцыпліна ў камандзе строгая. Напрыклад, могуць аштрафаваць за тое, што ў гульца ў распранальні звініць тэлефон, калі размаўляе трэнер. І на тое ёсць падставы:
“Чаму быў дрэнны перыяд у нас, чаму мы гулялі нестабільна? — разважае чэшскі спецыяліст. — Гэта пытанне менавіта да мяне. Увесь час пра гэта думаю... Гэта мазаіка, і аднаго адказу тут не будзе. Адзін з галоўных — тое, што асобныя хакеісты дрэнна рыхтаваліся да гульняў. Таму і была гульня па сінусоідзе… Я сказаў пра гэта гульцам на выніковым банкеце: каб не расслабляліся! Згуляў добра — адпачыў…”
З Плата штраф так і не спагналі: Сікора паставіў умову, што даруе, калі каманда выйграе наступны матч. І дынамаўцы выйгралі! Праўда, 1000 долараў для канадца з яго заробкам — пшык. Па словах Юрыя Бародзіча, і сумы ў кантрактах, і бюджэт на наступны сезон у “Дынама” застануцца на ўзроўні леташніх.
Значыць, і гульні ад каманды трэба чакаць, прынамсі, не горшай. Ёсць і яшчэ некалькі добрых навінаў для заўзятараў “Дынама”. Першая — кошты на квіткі ў наступным сезоне істотна не падаражэюць. Другая — цалкам магчыма, што ў Мінск на “выставачную” гульню прыедзе адна з топавых каманд NHL. І, нарэшце, трэцяя: клуб не адмовіцца ад гімна, які летась запісаў для яго гурт “Палац”.