Мігрант у Літве: Нас разглядаюць выключна як людзей, засланых Лукашэнкам

Вакас Ахмад на мітынгу ў Вільні / Ян Кімбароўскі / "Новая газета — Балтыя".
Вакас Ахмад на мітынгу ў Вільні / Ян Кімбароўскі / "Новая газета — Балтыя".

На фоне вайны Расіі супраць Украіны і хваляй украінскіх бежанцаў зусім даўняй і забытай здаецца гісторыя мігрантаў, якіх Лукашэнка выкарыстаў з мэтай гібрыднай агрэсіі на Еўрасаюз. Гэтыя людзі да гэтага часу знаходзяцца ў спецыяльных закрытых лагерах. Мы не бачым іх на вуліцах, не чуем іх галасоў, не ведаем іх лёсаў.

У Міжнародны дзень уцекачоў "Новая газета — Балтыя" публікуе гісторыю Вакаса, які трапіў у Літву праз Беларусь у 2021 годзе.

"Закахаўся ў дзяўчыну, абяцаную іншаму"

У сярэдзіне чэрвеня ў цэнтры Вільні прайшоў мітынг з мэтай звярнуць увагу ўладаў і грамадства на праблему гэтых уцекачоў. Мітынг арганізавала грамадская арганізацыя Boarder group (Sienos Grupė). Саміх бежанцаў на мітынгу было ўсяго двое: большасць не можа выходзіць за межы свайго лагера.

Адзін з уцекачоў, якому ўдалося атрымаць дазвол на перамяшчэнне па Літве, —  Вакас Ахмад. Ён родам з Пакістана. Кажа, што на радзіме існавала пагроза яго жыццю, таму ён вырашыў бегчы. Першым месцам прызначэння была Расія, аднак легалізавацца там не атрымалася. Тады Вакас вырашыў бегчы ў Еўропу, месцам для такой магчымасці стала мяжа Беларусі і Літвы ў жніўні 2021 года.

"Я з вялікай сям'і. У нас была свая зямля, таму не трэба было траціцца на ежу. Гэта дазволіла мне скончыць універсітэт. У мяне дзве ступені: бакалаўр, магістр юрыспрудэнцыі і эканомікі. Усё было нічога, але аднойчы я памыліўся, вельмі моцна памыліўся. Я закахаўся ў дзяўчыну, якая была абяцаная іншаму", — пачынае свой аповед Вакас.

Мигрант в Литве: Нас рассматривают исключительно как людей, засланных Лукашенко

"У Пакістане сем'і (кланы) самі выбіраюць мужа дачцэ, і калі тая не паслухаецца, то ёй і яе выбранніку пагражае смяротнае пакаранне. Звычаі мацнейшыя за любы закон або пачуцці. Мы вельмі моцна кахалі адно аднаго і вырашылі бегчы ў іншы горад пад страхам смерці. Мы зрабілі гэта, але шчасце доўжылася нядоўга. Нас высачылі. І аднойчы, вярнуўшыся з крамы, я не знайшоў сваёй каханай. Яе выкралі сваякі. Пазней я даведаўся, што яе пакаралі смерцю. Тое ж пагражала і мне. Неўзабаве я паляцеў у Расію", — успамінае мужчына.

Вакас добра гаворыць па-ангельску. У яго няма вялікіх праблем у камунікацыі з людзьмі. Свой бежанскі шлях ён пачаў у красавіку 2020 года, калі паляцеў з Пакістана ў Расію. 16 месяцаў ён правёў Маскве, беспаспяхова спрабуючы атрымаць прытулак. Увесь гэты час ён працаваў і сам забяспечваў сябе. Але атрымаць легальны статус бежанца так і не ўдалося, усё ішло да дэпартацыі на радзіму.

"Умовы існавання ў Расеі былі жудасныя, а расійскія паліцыянты і памежнікі — гэта зусім не літоўскія", — заўважае Вакас.

Тады ад свайго брата Вакас даведаўся пра магчымасць бегчы ў Еўропу і папрасіць прытулку там. Пра дэталі гэтага эпізоду сваёй біяграфіі пакістанец не расказвае, але згадвае нейкіх агентаў, якія дапамаглі ўсё гэта арганізаваць. У жніўні 2021 года ён збег у Літву праз Беларусь.

"Я вырашыў бегчы ў Еўропу, таму што чуў пра датрыманне правоў чалавека тут, пра еўрапейскія прынцыпы і каштоўнасці. Я не хацеў трапіць менавіта ў Літву, я хацеў трапіць у Еўрапейскі саюз, бо Літва з'яўляецца адной з краін ЕС", — тлумачыць бежанец.

Мигрант в Литве: Нас рассматривают исключительно как людей, засланных Лукашенко
Мігранты з краін Блізкага Усходу на польска-беларускай мяжы / Gazeta Wyborcza

"Нас разглядаюць выключна як людзей, засланых Лукашэнкам"

Вакас трапіў у лагер Пабрадэ, дзе жыве ўжо 10 месяцаў.

"Я падаўся на бежанства, як і многія мігранты, адразу як трапіў у лагер. 6 месяцаў маю заяву і дакументы разглядалі ў Дэпартаменце міграцыі, але ў выніку адмовілі. Тады я падаў скаргу ў суд, і ён стаў на мой бок. Суд палічыў, што адмова Дэпартамента міграцыі неправамерная, і адправіў маю заяву на новы разгляд з улікам выяўленых акалічнасцяў. Гэта дало мне права свабодна перасоўвацца па Літве, але не дало афіцыйнага статусу, не дало права на працу. Я да гэтага часу жыву ў лагеры, у яго адкрытай частцы", — кажа Вакас.

У кожным лагеры ёсць адкрытая і закрытая частка. Гэта значыць, можна атрымаць дазвол на перамяшчэнне па Літве, але жыць давядзецца ўсё роўна ў лагеры да атрымання статусу бежанца.

"Мне пашанцавала, мяне абараняў прыватны адвакат, але для гэтага патрэбныя немалыя грошы. Boarder group (Sienos Grupė) нанялі яго для мяне, і ён разваліў справу ў судзе. Гэта рэдкасць. Многія бежанцы працуюць з адвакатамі ад дзяржавы, але яны не зацікаўленыя ў тваёй справе", — заўважае бежанец.

"Гэта вельмі складана — атрымаць бежанства. Цяжка даказаць пагрозу жыццю. Як я магу даказаць пагрозу майму жыццю? Я падаў усе дакументы, якія маю, але гэтага аказалася мала. 6 месяцаў я чакаў адказу ад Дэпартамента міграцыі, потым абскардзіў гэтую адмову і цяпер зноў чакаю паўгода, каб атрымаць бежанства. Гэта як пінг-понг паміж ведамствамі", — скардзіцца Вакас.

Вакас кажа, што ніякага навучання ў лагерах не адбываецца. Не праводзяцца ўрокі літоўскай або ангельскай мовы. На гэта ўказваюць абаронцы мігрантаў. Навучанне можа спрыяць інтэграцыі ў грамадства, але яго няма.

"Аднойчы прыязджаў Чырвоны Крыж і правёў адзін урок літоўскай, пасля гэтага — маўчанне", — успамінае бежанец.

"Паводле маіх дадзеных, цяпер у лагерах знаходзіцца 2750 бежанцаў. Большасць з іх не можа выйсці з гэтых лагераў. Атрымалі прытулак усяго 70-80 чалавек, некаторыя з іх ужо жывуць па-за лагерам і працуюць, у дачыненні да агульнай колькасці гэта няшмат. На жаль, і яны не адчуваюць сябе ў бяспецы. Я ведаю аднаго чалавека, які атрымаў свабоду, прабыў на ёй 2-3 тыдні, яго затрымалі і зноў адправілі ў закрытую частку лагера.Таму я асцерагаюся за сябе і стараюся не свяціцца", — сцвярджае Вакас.

Паводле звестак МУС, цяпер у пяці цэнтрах размяшчэння бежанцаў у Літве застаюцца 2627 мігрантаў. 130 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі, атрымалі прытулак у Літве, ужо пачаты працэс іх інтэграцыі.

Мигрант в Литве: Нас рассматривают исключительно как людей, засланных Лукашенко
Цэнтр часовага ўтрымання бежанцаў / МУС Літвы

"Нас разглядаюць толькі як людзей, засланых Лукашэнкам. Але мы нават не ведаем пра беларускія рашэнні, мы не ведаем Лукашэнкі", — кажа мігрант. Вакас не разумее, чаму стаўленне да мігрантаў з Блізкага Усходу іншае, чым да ўкраінцаў, беларусаў і расіян. На справе беларусы, украінцы, расіяне, якія збеглі ў Літву, звычайна валодаюць візамі або гуманітарнымі ВНЖ. У дачыненні да іх выкарыстоўваецца іншы прававы рэжым.

"Многія з нас прыгнечаныя, глыбока прыгнечаныя, яны страцілі асяроддзе ў якім жылі, ім вельмі цяжка, у тым ліку псіхалагічна. Мы ўсе людзі, і ўсё роўна, які ў нас колер скуры і адкуль мы", — сцвярджае мужчына.

У будучыні Вакас спадзяецца атрымаць дазвол на працу, застацца ў Літве і пачаць працаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі