Магчымыя выдаткі з-за здарэння на БелАЭС будзе несці генпадрадчык

Магчымыя выдаткі з-за здарэння на БелАЭС будзе несці генпадрадчык

Магчымыя выдаткі з-за няштатнай сітуацыі з корпусам рэактара на Беларускай АЭС у Астравецкім раёне будзе несці генпадрадчык. Пра гэта ў панядзелак паведаміў намеснік міністра энергетыкі нашай краіны Міхаіл Міхадзюк. Ён адзначыў, што "няштатная сітуацыя адбылася пры выкананні генеральным падрадчыкам работ на пляцоўцы, усе выдаткі павінен несці генпадрадчык у адпаведнасці з умовамі генеральнага кантракта", інфармуе БЕЛТА.

Што да магчымай карэкціроўкі графіка работ на пляцоўцы АЭС, Міхадзюк падкрэсліў, што неабходна дачакацца вынікаў работы экспертаў — беларускіх спецыялістаў. Аднак будаўніча-мантажныя работы вядуцца "больш чым на 110 аб'ектах... у штатным рэжыме". Ён таксама распавёў, што беларускі бок запатрабаваў ад "Расатама" правесці "больш глыбокі аналіз стану метала і рэактара".

Мінэнерга: Беларуская камісія шукае пашкоджанні корпуса рэактара

Інцыдэнт на будаўніцтве АЭС у Астравецкім раёне адбыўся ў ноч з 9 на 10 ліпеня, аднак пра яго стала вядома значна пазней. Корпус рэактара пераносілі з аднаго месца на другое на вышыні чатыры метры. У гэты момант паламаўся пад'ёмны кран. У выніку корпус паўгадзіны вісеў, нахіляўся ўсё больш, пакуль не "датыкнуўся да зямлі". З корпусам "не здарылася нічога надзвычайнага", заявіў першы намеснік гендырэктара расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" Аляксандр Локшын. Паводле яго слоў, расійскі падрадчык гатовы замяніць корпус першага рэактара на Беларускай АЭС, калі ў гэтым будзе неабходнасць і калі на гэтым будзе настойваць беларускі бок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі