Міхалевіч распавядае, чым пагражала свету абранне расіяніна дырэктарам Інтэрпола

Міхалевіч распавядае, чым пагражала свету абранне расіяніна дырэктарам Інтэрпола

Дырэктарам Інтэрпола абраны Кім Чон Ян з Паўднёвай Карэі. Фаварытам на выбарах лічыўся расійскі генерал Аляксандр Пракапчук, але супраць яго кандыдатуры выступілі сенатары з ЗША і праваабаронцы.

На генеральнай асамблеі Інтэрпола, якая прайшла ў Дубаі, за карэйца прагаласаваў 101 дэлегат, а за расіяніна — 61. Кім Чон Ян будзе узначальваць арганізацыю не чатыры гады, а толькі два — да таго моманту, як скончацца паўнамоцтвы ранейшага дырэктара арганізацыі Мэн Хунвэя, арыштаванага ў Кітаі па абвінавачанні ў карупцыі.

Якую небяспеку несла свету абранне расійскага генерал-маёра дырэктарам Інтэрпола, у эфіры Еўрарадыё распавёў юрыст, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч: “Само па сабе тое, што папярэднім кіраўніком Інтэрпола быў кітаец, прадстаўнік далёка не дэмакратычнай краіны, таксама несла вялікую небяспеку і не найлепшым чынам уплывала на функцыянаванне арганізацыі. Варта, каб такія пасады займалі прадстаўнікі краін, дзе з дэмакратыяй і правамі чалавека ўсё нашмат лепш, чым у Расіі і Кітаі”.

Супраць Пракапчука актыўна выступала Украіна. Міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў нават назваў магчымае абранне расійскага генерала элементам гібрыднай вайны. З такой ацэнкай пагаджаецца і Алесь Міхалевіч:

“Сам Арсэн Авакаў быў пададзены Расіяй у Інтэрпол, па ім быў выстаўлены чырвоны цыркуляр, што само па сабе было грубым умяшальніцтвам ва ўкраінскія справы. Прысутнасць высокіх функцыянераў Расіі, у тым ліку і Пракапчука, на высокіх пасадах у Інтэрполе паўплывала б на больш прыязнае стаўленне да расійскіх запытаў. Напрыклад, на тое, што Камісія кантролю файлаў заўсёды дае больш адказаў, чым на запыты іншых краін, і заплюшчвае вочы на розныя дробныя парушэнні”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Алеся Міхалевіча самога абвясцілі ў вышук праз Інтэрпол. Па словах юрыста, калі чалавек трапляе ў міжнародны вышук, прававы дэпартамент Інтэрпола цягам некалькіх тыдняў правярае, ці гэта не палітычна матываваны пераслед. Што праўда, краіны-удзельніцы Інтэрпола на той момант ужо атрымліваюць прозвішча асобы, якая расшукваецца.

Пераслед праз Інтэрпол можна абскардзіць у незалежным органе, у Камісіі па кантролі файлаў. Працэдура выдалення са спісаў Інтэрпола звычайна займае не менш як паўтара года, дадае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі