Міхалок: Нас называюць "змагарамі", "пятай калонай". А мы — простыя людзі
Прэзентацыя беларускамоўнага альбома гурта "Ляпис Трубецкой" сабрала 11 тысяч прыхільнікаў у віленскай Siemens Arena.
30 лістапада Вільню зноў "акупуюць" беларусы — "Ляпис Трубецкой" прэзентуе першы ў сваёй гісторыі беларускамоўны альбом "Грай". Тыя, хто ў пятніцу “штурмаваў” мяжу, у суботу разгульваюць па літоўскай сталіцы абгорнутыя бел-чырвона-белымі сцягамі і шалікамі. Аўтобусы да Siemens Arena, дзе выступае "Ляпис Трубецкой", перапоўненыя, і, каб не спазніцца, многім даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя варыянты даезду.
"Мы вось ехалі аўтобусам сюды і ўяўлялі сабе, колькі турботаў мы сваім канцэртам у Вільні стварылі людзям, — прызнаецца дырэктар "Ляпісаў" Яўген Калмыкаў за некалькі гадзін да канцэрта. — Калі яго арганізоўвалі, то неяк мала думалі пра гэта. Таму нам вельмі хочацца, каб тыя, хто да Вільні ўсё ж дабярэцца, пра гэта не пашкадавалі. І вялікі дзякуй за давер!"
Віленская Siemens Arena збірае каля 11 тысяч аматараў гурта. Разаграваюць славутых анархатурыстаў не менш славутыя бубначы Drum Ecstasy. Пасля кароткай паўзы на сцэне з’яўляюцца і самі кіраўнікі групоўкі "Ляпис Crew" з аб’явай, што "К нам приехал "Трубецкой".
Далей усё па абкатанай схеме: вершы і душэўныя маналогі Міхалка чаргуюцца з хітамі і песнямі са свежаспечанага “Грай”.
"Нам надакучыла гэтая халодная і шэрая зіма. Мы хочам свежай і цёплай вясны", — кажа лідар гурта Сяргей Міхалок са сцэны, каментуе падзеі ва Украіне, параўноўвае іх з расійскай і беларускай рэчаіснасцю. Зала рэагуе літаральна на кожны маніфест франтмэна "Ляпісаў". "Жыве Беларусь!" разносіцца над Siemens Arena амаль пасля кожнай песні.
"Такіх, як мы, называюць змагарамі, "опамі", "грантасосамі", "пятай калонай". А мы — звычайныя людзі. Мы проста хочам нармальнага жыцця. Паглядзіце, колькі ў нас сяброў", — музыка паказвае на шматтысячную пляцоўку "Арэны".
Віленскі канцэрт галоўнага беларускага гурта робіцца месцам яднання беларусаў і сапраўды ўздымае нацыянальны дух. Людзі з трыбун спускаюцца на танцпол, каб мацней адчуць еднасць, якой не хапае па той бок мяжы.
Трансляцыя канцэрта, арганізаваная парталам TUT.by, павялічвае колькасць гледачоў у тысячы разоў.
Пасля кароткай паўзы "Ляпісы" выходзяць на біс. Міхалок наракае на "старасць" і "любоў паплявузгаць", паказвае на "Светку", якая скача на экране падчас гучання "Сонейка", і паведамляе, што яна яму "нарадзіла Макарку" і што "Макарка расце".
"Ляпис Трубецкой" апошнім часам адмаўляецца ад любых інтэрв'ю. Маўляў, "цяпер мы хочам размаўляць са светам толькі з дапамогай музыкі". А іншых словаў і не трэба, наведвальнікі прэзентацыі першага беларускамоўнага альбома гурта гэта дакладна зразумеюць!
Больш фота на старонках Еўрарадыё ў Facebook і VK.