Міклашэвіч: Праслухоўванне тэлефонаў без санкцыі не супярэчыць Канстытуцыі

Старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч расказаў, ці адпавядаюць Канстытуцыі пагадненні Мытнага саюза, як можна адмяніць смяротнае пакаранне і чаму суд не правярае законнасць указаў прэзідэнта Падчас прэс-канферэнцыі, на якой старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч расказаў журналістам аб “Стане Канстытуцыйнай законнасці ў Беларусі ў 2009 годзе”, ён прызнаўся, што КС правяраў адпаведнасць юрыдычным нормам дакументы па ўтварэнні Мытнага саюза. Але распавёў, што праверка гэтая была фармальная.

Пётр Міклашэвіч:
“Мы правяралі ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю гэтыя дакументы па парадку прыняцця, форме прыняцця гэтых законаў, кампетэнцыі органаў, якія іх прынялі. Такім чынам, паводле фармальных юрыдычных працэдураў”.

Што ж тычыцца праверкі сутнасці гэтых дамоў, кажа старшыня суда, то іх правяраюць толькі ў тым выпадку, калі прэзідэнт, перад іх падпісаннем, засумняваецца ў адпаведнасці Канстытуцыі асобных палажэнняў дамоў. Відаць, ніякіх сумненняў у кіраўніка дзяржавы на гэты конт не ўзнікла.

Пётр Міклашэвіч:
“Такога звароту на стадыі падпісання законаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў, звязаных з утварэннем Мытнага саюза, да нас не паступала”.

Пацікавіліся журналісты меркаваннем старшыні Канстытуцыйнага суда і па пытанні абкладання пошлінамі расійскім бокам нафты, якую пастаўляюць у Беларусь.

Пётр Міклашэвіч: “Гэта не прадмет аналізу Канстытуцыйнага суда. Ёсць у мяне свой пункт погляду, але я не маю магчымасці яго публічна выказваць. Я магу публічна яго казаць толькі ў тым выпадку, калі гэта стане прадметам разгляду Канстытуцыйнага суда”.

Хоць і агаварыўся, што, на яго погляд, дамова аб пастаўках нафты ў нашу краіну, падпісаная ў 2007 годзе, працягвае дзейнічаць. Праўда, расіяне сцвярджаюць адваротнае.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, старшыня КС сказаў, што прынятыя не так даўно папраўкі ў закон “Аб аператыўна-вышуковай працы” не супярэчаць канстытуцыйным нормам. Гаворка ідзе пра тое, што праваахоўным органам дазволілі праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, праслухоўваць тэлефоны і гэтак далей без адпаведнай санкцыі пракурора.

Пётр Міклашэвіч: “Тут прамой супярэчнасці канстытуцыйным нормам і палажэнням не бачым мы. Мы разглядалі палажэнні дадзенага закона ў судзе ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю і зыходзячы з артыкула 23 Канстытуцыі, якая дае магчымасць у мэтах нацыянальнай бяспекі, абароны правапарадку і аховы здароўя рабіць пэўныя абмежаванні, то тут, адпаведна, было прынята суразмернае абмежаванне ў мэтах узмацнення барацьбы са злачыннасцю”.



Такім жа законным лічыць Пётр Міклашэвіч і атрыманы праваахоўнымі органамі дазвол арыштоўваць людзей без санкцыі пракурора. Дастаткова асабістага дазволу на гэта кіраўнікоў МУС, КДБ, альбо Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Што тычыцца адмены смяротнага пакарання, то старшыня КС назваў два шляхі вырашэння гэтага пытання.

Пётр Міклашэвіч: “Два магчымыя варыянты ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. І тут я ніякіх канстытуцыйна-прававых перашкод не прадугледжваю. Што тычыцца адмены, гэта ўжо другі этап прыняцця канчатковага рашэння, то тут ёсць пэўныя канстытуцыйна-прававыя аспекты”.

Што гэта за аспекты, старшыня суда не ўдакладніў. Толькі заўважыў, што адны артыкулы Канстытуцыі можна змяняць рашэннем кіраўніка дзяржавы альбо дэпутатаў, а другія — толькі з дапамогай рэферэндуму. І даў такім чынам зразумець, што тут без рэферэндуму не абысціся.

Паводле слоў Пятра Міклашэвіча, летась Канстытуцыйны суд праверыў 104 законы, прынятыя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Усе яны былі прызнаныя адпаведнымі Канстытуцыі. Еўрарадыё пацікавілася, а ці праверыў КС хоць адзін указ прэзідэнта. На што атрымала адказ, што ніхто з тых, хто мае на гэта права, не звяртаўся да іх з просьбай гэта зрабіць. Нагадаем, што паўнамоцтвамі звароту ў Канстытуцыйны суд валодаюць толькі прэзідэнт, дэпутаты абодвух палат, урад, вышэйшы і гаспадарчы суды.

Фота: аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі