Міліцыя абстраляла "Мерседэс", які гаспадар скраў са штрафстаянкі

Міліцыя абстраляла "Мерседэс", які гаспадар скраў са штрафстаянкі

Каб спыніць "Мерседэс", угнаны гаспадаром са штрафстаянкі, інспектары ДАІ ў Веткаўскім раёне Гомельшчыны мусіла адкрыць агонь. Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольгу Развякову.

Здарэнне адбылося ўдзень 31 кастрычніка. Даішнікі падчас дзяжурства заўважылі аўтамабіль, які праходзіў па арыенціроўцы як угнаны са штрафстаянкі. Інспектары паспрабавалі спыніць аўто для праверкі дакументаў, але кіроўца толькі павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы. Тады супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю: двума прыцэльнымі стрэламі інспектар прабіў задняе левае кола аўтамабіля. Праўда, і пасля гэтага кіроўца не спыніўся.

Даішнік прастрэліў задняе правае кола, і "Мерседэс" спыніўся. Кіроўца паспрабаваў уцячы, але праваахоўнікі затрымалі яго. Выявілася, што за рулём угнанай машыны быў яе нецвярозы 40-гадовы гаспадар.

Літаральна за два дні да таго даішнікі затрымалі мужчыну за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Менавіта тады "Мэрсэдэс" і трапіў на штрафстаянку. Аднак гаспадар не пагадзіўся з такім рашэннем і скраў аўтамабіль.

На ўгоншчыка склалі шэсць адміністрацыйных пратакола. Сярод іх — за кіраванне аўтамабілем без правоў паўторна на працягу года, а таксама за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі