Міліцыя — мінчанцы: а бчб у вас няправільны — "Пагоня" павінна быць асобна
Незвычайную гісторыю пра бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на Дзень Волі, распавяла ў Фэйсбуку мінчанка Аляксандра Багуслаўская.
25 сакавіка яны з мужам вывесілі на гаўбцы нацыянальны сцяг, каб адзначыць свята. Праз некалькі гадзін у кватэру пазванілі міліцыянты, але дзяўчына ім не адчыніла. Па яе словах, міліцыя не вельмі настойвала на візіце і неўзабаве сышла.
Працяг гісторыя атрымала 30 сакавіка.
"Мы ўжо і думаць забыліся пра гэты інцыдэнт, як сёння майму мужу паступіла тэлефанаванне з просьбай з'явіцца ў РУУС Заводскага раёна і даць тлумачэнні наконт сцяга на балконе. І паколькі ў каранцін нават паход у міліцыю — гэта забаўка, на просьбу нашых праваахоўнікаў мы вырашылі адгукнуцца.
Следчы адразу спытаў: "Свята адзначалі, так? Тады ж БНР утварылася?" Мы вельмі ўзрадаваліся, што наша міліцыя ў курсе такіх важных дат у гісторыі Беларусі.
Як аказалася, камусьці з суседзяў перашкодзіў БЧБ на нашым балконе, і міліцыя была вымушаная адрэагаваць на выклік. Следчы, дарэчы, адзначыў, што сцяг у мяне няправільны (!!!) — маўляў, Пагоня павінна быць асобна", — падзялілася Багуслаўская падрабязнасцямі.
Па яе словах, міліцыя не знайшла правапарушэння ў вывешванні сцяга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.