Міліцыя не знайшла экстрэмізму ў прарасійскіх групах ВКонтакте
Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомеля даслаў адказ журналісту-фрылансэру Канстанціну Жукоўскаму на яго заяву пра існаванне ў сацыяльных сетках груп, накіраваных на раз’яднанне Беларусі.
У прыватнасьці, Жукоўскі пісаў пра групы ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте “Віцебская Народная Рэспубліка” і “Гомельская Народная Рэспубліка”, якія прапагандуюць сэпаратызм і ўваходжанне гэтых абласьцей Беларусі ў склад Расіі.
Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на інфармагенцтвы, у лісце за подпісам начальніка АУС Уладзіміра Мялешкі гаворыцца, што міліцыя правяла праверку і прыняла рашэнне спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, паколькі “у названых групах экстрэмісцкіх выказванняў, накіраваных супраць дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь, не знойдзена”.
Таксама ў лісце паведамляецца, што ў рамках праверкі вызначыць асобаў, якія стварылі гэтыя групы, не ўяўляецца магчымым. Ліст складзена на беларускай мове, праўда, з некалькімі памылкамі.
“Лічу, што міліцыя не мае рацыі, і гэтыя групы, асабліва віцебская, прапагандуюць сапраўдны сепаратызм, таму буду абскарджваць гэтае рашэнне”, — сказаў Жукоўскі.