Міліцыя прыязджала на Зыбіцкую разбірацца з халоднай шаўрмой
27 ліпеня наведвальнік аднаго з бараў на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Мінску выклікаў міліцыю. Гэта трывожны званочак: менавіта частымі выклікамі праваахоўнікаў гарадскія ўлады аргументуюць, што час працы рэстаранаў на Зыбіцкай трэба абмежаваць 23:00.
Што праўда, нагода для выкліка была кур'ёзнай: канфлікт кліента з адміністрацыяй бара адбыўся праз тое, што набытая ім шаўрма апынулася халоднай. Мужчына скардзіўся на няякаснае абслугоўванне. "Пасля гутаркі супрацоўнікаў міліцыі з кліентам і адміністрацыяй канфлікт быў уладжаны", — распавядае Таццяна Абозная, афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага РУУС горада Мінска.
Барная вуліца жыве па сваіх законах, але разагрэць шаўрму без праваахоўнікаў не атрымліваецца.