Міліцыя шукае хлопца і дзяўчыну, якія скралі туалетную ваду
Міліцыя шукае хлопца і дзяўчыну, якія скралі чатыры флаконы туалетнай вады з крамы ў пасёлку Мачулішчы пад Мінскам. Кошт скрадзенага — 275 рублёў. Зламыснікі трапілі ў аб’ектывы камераў відэаназірання.
Як паведамляе прэс-служба Мінскай абласной міліцыі, крадзеж адбыўся ўвечары 14 лістапада. Маладая пара ўвайшла ў парфюмерную краму і рушыла да стэлажа з туалетнай вадой. У пэўны момант, калі ніхто за імі не назіраў, хлопец схапіў спачатку два флаконы мужчынскай парфумы, а потым яшчэ два флаконы жаночай.
Яго спадарожніца ўзяла некалькі недарагіх тавараў, расплацілася ў касе, пасля чаго пара спакойна пакінула краму. Прадаўцы выявілі знікненне тавараў і звярнуліся ў міліцыю.
Цяпер праваахоўнікі шукаюць тых, хто можа дапамагчы ў выяўленні асобаў зламыснікаў.