Міліцыя вярнула 23-метровы бел-чырвона-белы сцяг удзельніцы пратэстаў у Гомелі
Пасля акцыі пратэсту 13 верасня ў Гомелі міліцыя затрымала жыхарку Рэчыцы Марыю Барадзіну, якая прыехала ў горад на сваім аўто. Прычынай затрымання міліцыя назвала падазрэньні з VIN-кодам "Таёты", набытай у аўтасалоне.
Як піша "Гомельская Вясна", 62-гадовая жанчына пашыла і прывезла ў Гомель 23-метровы бел-чырвона-белы сцяг. Падчас акцыі пратэсту людзі неслі яго ў калоне. Каля вакзала сцяг згарнулі і паклалі ў багажнік машыны Барадзіной.
"Я тут жа была затрыманая разам з аўто, дастаўленая ў Чыгуначнае РАУС Гомеля, дзе мяне абвінавацілі ў несанкцыянаваным вулічным шэсці. Аўтамабіль са сцягам мне не аддалі, ён застаўся на стаянцы ў аддзяленні міліцыі. Назаўтра суд Чыгуначнага раёна Гомеля выпісаў мне штраф 810 рублёў. Пытанне аўтамабіля са сцягам засталося судом не вырашаным", — кажа жанчына.
Адміністрацыйны штраф жанчына абскардзіла ў абласным судзе. А каб атрымаць назад аўтамабіль і сцяг, давялося запісвацца на асабісты прыём да начальніка РАУС Ігара Цімашэнкі.
23 верасня міліцыянты вярнулі Барадзіной аўтамабіль з 23-метровым бел-чырвона-белым палотнішчам, якое ляжала ў багажніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.