Міліцыянты і ратавальнікі пераселі на камбайны

Замест адпачынку на курорце сілавікі вырашылі папрацаваць на жніве. Еўрарадыё даведалася, як сельгаспрадпрыемствы кампенсуюць недахоп кадраў. 
У некаторых беларускіх гаспадарках, дзе не хапае ўласных супрацоўнікаў, на жніво мабілізавалі міліцыянтаў, ратавальнікаў ды нават былых школьнікаў. Праўда, многія з іх самі не супраць падзарабіць летам, бо прыбытак камбайнёра ў розных гаспадарках вагаецца ад 100 да 170 тысяч рублёў за дзень! Некаторыя зарабляюць больш за 4 мільёны за месяц.

У Пінскім раёне на камбайне працуе выпускніца сярэдняй школы вёскі Бобрык. Дзяўчына скончыла курсы трактарыста-машыніста і вырашыла дапамагчы бацьку на жніве. Аграфірма дазволіла ёй увайсці ў экіпаж камбайна.

/sites/default/files/legacy_articles/images/2010/08//cms-image-000039074.jpg

А вось у Слаўгарадскім раёне ў вёсцы Ржаўка ўраджай збіраюць сваімі сіламі, бо на добры заробак і супрацоўнікаў хапае.

СПК Прывольны Слаўгарадскага раёна: "У нас нікога запрошаных не было. Усе толькі нашы калгаснікі. За дзень у нас камбайнёры атрымоўвалі па 150-170 тысяч".

У Браслаўскім раёне на дапамогу калгаснікам райвыканкам накіраваў супрацоўнікаў школы. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў СПК "Альшанка" вёсцы Плюсы:

"У нас супрацоўнік школы працуе, сушыць збожжа. Гэта часовая праца. Яны на месяц рашэннем выканкама накіроўваюцца сюды на працу замест сваёй асноўнай".

У Столінскім раёне на жніве падпрацоўваюць маладыя спецыялісты, якіх размеркавалі працаваць у вёску Беражное. У Альшанцы на полі дзяжураць супрацоўнікі МНС, прыязджаюць працаваць людзі і ў вёску Валевачы.

Аграфірме з вёскі Селішча дапамагае Полацкі хлебзавод ды супрацоўнік "Аховы" МУС:

"Нам дапамагаюць з Полацка, хлебзавод дае машыны, таксама зваршчыкаў і токараў прысылаюць. У нас з "Аховы" працуе хлопец на камбайне памочнікам. Ён узяў адпачынак і працуе".

Мсціслаўскія міліцыянты Сяргей Анфісаў і Руслан Сокал таксама вырашылі правесці адпачынак у полі, на жніве. Яны працуюць на новым камбайне і кожны дзень дакладаюць пра поспехі свайму начальніку — кіраўніку Мсціслаўскага РАУС Мікалаю Казакевічу.

Казакевіч: "Зайшоў да мяне супрацоўнік, памочнік дзяжурнага. Кажа: у мяне адпачынак паводле графіка, дазвольце мне пайсці памочнікам на камбайн. Другі таксама выказаў жаданне. Я абодвух запрасіў, кажу: вы ўвогуле разумееце, што гэта? Участковы кажа, што з 5 год з бацькам на камбайне працаваў. Я звязаўся з кіраўніцтвам раёна, было прынятае рашэнне выдзяліць новы камбайн. Яны самі прыгналі гэты камбайн і працуюць".

А некалькі супрацоўнікаў Пінскага МНС штогод бяруць адпачынак, каб працаваць у полі. Звычайна гэта кіроўцы пажарных аварыйна-выратавальных аўтамабіляў, якія маюць пэўны досвед кіравання камбайнам. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў с задавальненнем бяруць дысцыплінаваных і адказных пажарных на працу.

На жніве камбайнёр можа зарабіць ад 3 да 4 мільёнаў і нават болей. Такія грошы не параўнаць з заробкам міліцыянта ці ратавальніка.


Фота: Палеская праўда, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі