Міліцыянты Маладзечна сарвалі сустрэчу з аргкамітэтам партыі Бабарыкі
8 красавіка ў Маладзечне аргкамітэт партыі "Разам" запланаваў сустрэчу з мясцовымі жыхарамі. Гэта мусіла быць першая публічная сустрэча з прадстаўнікамі партыі Віктара Бабарыкі.
Аднак правесці яе перашкодзіла міліцыя, піша "Рэгіянальная газета". Перад пачаткам сустрэчы сябра каманды партыі "Разам" Максім Баграцоў правёў перамовы з кіраўніцтвам мясцовага РАУС. "Дасягнуць паразумення ў дачыненні да статусу нашага мерапрыемства ў гэты раз не атрымалася", — кажуць прадстаўнікі штаба.
Валанцёры штаба пачалі сустрэчу, на якую прыйшлі 10 маладзечанцаў. Але неўзабаве ў памяшканне прыйшлі міліцыянты. Яны паведамілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і заклікалі разысціся. Нікога з прысутных не затрымлівалі.
У аргкамітэце партыі кажуць, што ўлічаць гэты досвед пры падрыхтоўцы наступных сустрэч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.