Міліцыянты выкарысталі Рыту як “нажыўку”, а пасля далі ёй 4 гады за наркату

Аператыўнікі прызнаюцца, што ім зручней працаваць з “людзьмі-нажыўкамі”, бо каб праводзіць кантрольныя закупы самім, патрэбны дазвол і грунтоўныя падставы.
У сераду, 30 траўня, з Гродзенскага следчага ізалятара для адбыцця пакарання ў Гомельскую жаночую калонію этапіравалі 20-гадовую Маргарыту Царан. Цяпер ужо былую студэнтку 1-га курса факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Дзяўчына скончыла з адзнакай сярэднюю школу і набрала найбольшую колькасць балаў з усіх паступаючых у ВНУ. Маргарыта атрымала 4 гады зняволення за збыт наркатычных сродкаў – марыхуаны вагой 0,28 грама за 22 тысячы рублёў.

Еўрапейскае радыё вырашыла разабрацца, якім чынам такая дзяўчына стала “наркагандляркай”.

Сяброўка Таццяна Кулік сцвярджае, што Рыта не толькі не збывала, але ніколі і не ўжывала сама. Яна нават на дыскатэкі не хадзіла. Жыла ўдзвюх з маці.

Таццяна Кулік
: “Рыта шмат чытала, з ёй заўсёды было вельмі прыемна размаўляць. Калі гэта здарылася, паверыць у такое проста было немагчыма. Яна вельмі добры чалавек і праз сваю дабрыню туды і патрапіла”.

Што ж здарылася? Па словах маці, Рыце раптоўна патэлефанаваў сябра дзяцінства Андрэй Кісель. Яны не сустракаліся гады тры. Андрэй сказаў, што выкладчык права Андрэй Здасюк, у якога вучыцца Рыта, гандлюе наркотыкамі, і папрасіў набыць для яго дозу. Дзяўчыну гэта не здзівіла. Вось чаму.

Валянціна Царан
: “Гэты выкладчык першакурснікам на факультэце псіхалогіі чытаў лекцыі пра пазітыўнае ўздзеянне наркотыкаў. Пра тое, што філосафы-літаратары, яе ўлюбёны пісьменнік Булгакаў, былі наркаманамі. Выкладчык, яму 27 год, неаднаразова казаў, што сам усё пераспрабаваў і спрабуе дагэтуль. Ёсць канспекты пра дозы, пра цэны. Усё гэта ёсць у студэнтаў.

І вось гэты Кісель тэлефануе, і выкладчык амаль адначасова (за тры тыдні знаёмства ён пазваніў Рыце 320 разоў). Рыта кажа: “Я ўзяла ды спыталася ў яго”. І ён дачцэ тую марыхуану перадаў. Рыта аднесла яе Кісялю. А той супрацоўнічаў з аператыўнікамі, і яе ўжо чакалі”.


Маці Маргарыты сцвярджае: да суда ў прысутнасці сведкаў Андрэй Кісель расказваў, што яго да супрацоўніцтва з аператыўнікамі схілілі шантажом. Хлопца на дыскатэцы затрымалі з цыгарэтай марыхуаны. Умовай не распачынаць справу павінна была стаць дапамога следчым праз сяброўку выйсці на выкладчыка універсітэта Андрэя Здасюка.

Таго падазравалі ў гандлі наркатычнымі сродкамі. Андрэй пагадзіўся. Ён нават пісьмова заяўляў пра той шантаж у пракуратуру. Але напярэдадні суда змяніў свае паказанні.

Зараз гандляр наркотыкамі, выкладчык Гродзенскага універсітэта Андрэй Здасюк знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Па інфармацыі следчага Ленінскай пракуратуры Гродна Аляксандра Комлева, ён уцёк з Беларусі. Магчыма, у Ізраіль.

Суд над памагатым аператыўнікаў Андрэем Кісялём, па словах начальніка падраздзялення па наркакантролі Ленінскага РАУС Гродна Дзяніса Багдзевіча, быў. Ён быццам атрымаў невялікі тэрмін за захоўванне наркатычных сродкаў. А выдатніца Маргарыта Царан — 4 гады агульнага рэжыму.

Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі Еўрапейскае радыё цікавіла, чаму “кантрольную закупку” праводзіў не супрацоўнік міліцыі. Бо “нажыўкай” аказваюцца простыя людзі, якія потым ідуць за краты замест сапраўдных наркадылераў. Вось што на гэта адказаў Еўрарадыё начальнік падраздзялення па наркакантролі Дзяніс Багдзевіч. Менавіта яго падначаленыя праводзілі гэтую “аперацыю”.

Дзяніс Багдзевіч
: “Калі супрацоўнік міліцыі “ўкараняецца”, то на гэта патрэбны дазвол і вельмі грунтоўныя падставы. Хаця законам нам дазваляецца ўдзельнічаць у такіх эксперыментах і праводзіць кантрольныя закупы. Але калі аператыўнікі будуць прыцягвацца да ўдзелу ў такіх аперацыях, то хтосьці зможа кваліфікаваць гэта як падбухторванне. Міліцыянт становіцца мішэнню, а пабочны чалавек нікому нічым не абавязаны”.

Што ж тычыцца Маргарыты, то міліцыянер лічыць: калі пасадзілі — значыць, вінаватая. Маці дзяўчыны Валянціна Царан напісала заяву ў пракуратуру з патрабаваннем пачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія сваім так званым “следчым эксперыментам” адправілі за краты невінаватага.

Следчы Аляксандр Комлеў кажа, што зараз вывучае справу. Па яго словах, “следчыя эксперыменты” вельмі часта не даюць станоўчага выніку.

Аляксандр Комлеў: “Часта бывае так, што аператыўны эксперымент не дае свайго выніку. Усё з-за таго, што іх неправільна праводзяць”.

Але Дзяніс Багдзевіч упэўнены, што да яго падначаленых пытанняў няма: “Няхай праводзяць праверку. Усё праводзілася на законных падставах, і ўсё было правамерна”.


На фота Маргарыта Царан

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі