Мілінкевіч: У мэтах эканоміі можна пакінуць аднаго прэзідэнта

Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў эканоміць не толькі на выбарах, але і на дэпутатах. Сяргей Гайдукевіч кажа, што сумяшчэнне прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў пойдзе яго партыі на карысць. А Вінцук Вячорка не бачыць розніцы ў тым, як яны пройдуць. Днямі сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік у чарговы раз выказаўся за неабходнасць сумяшчэння па тэрмінах будучых выбараў прэзідэнта і дэпутатаў мясцовых саветаў. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як да такой магчымасці ставяцца патэнцыйныя ўдзельнікі будучых выбараў.

Паводле слоў экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, для апазіцыі такое сумяшчэнне азначае распыленне сілаў. Але, кажа палітык, яны з гэтым справяцца.

Аляксандр Мілінкевіч: “Аб’яднанне выбараў заўсёды кепска, бо гэта зусім розныя кампаніі. Мясцовыя выбары – гэта мясцовыя праблемы, прэзідэнцкія – гэта самая вялікая пасада ў краіне, самая ўплывовая палітычна. Гэта кепска, бо гэта распыленне сілаў. Хтосьці пойдзе і на мясцовыя выбары. Хаця я думаю, што мы справімся з гэтым. Тыя людзі, што будуць ісці на мясцовыя выбары, яны будуць і ў камандзе таго, хто будзе ісці на прэзідэнцкую пасаду”.

Паводле слоў сакратара ЦВК, гэтыя выбары і так амаль супадаюць – адрозненне па тэрмінах у некалькі месяцаў. Такое сумяшчэнне дасць магчымасць дзяржаве добра зэканоміць на арганізацыі выбараў. Але лідэр руху “За свабоду!” можа падказаць, як зэканоміць яшчэ больш.

Аляксандр Мілінкевіч:
“Калі эканоміць грошы, дык трэба і парламент ліквідаваць, і мясцовыя ўлады. Пакінуць аднаго прэзідэнта. Тым больш, што ў нас і так яно так і ёсць – прэзідэнт дэкрэтамі кіруе краінай. Мала што значаць гэтыя саветы”.

А вось лідэр ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч прызнаўся “Еўрарадыё”, што яму такое сумяшчэнне будзе толькі на карысць. Дакладней, не яму, а тым яго аднапартыйцам, якія будуць балатавацца ў дэпутаты.

Сяргей Гайдукевіч: “Ні для мяне, ні для партыі розніцы ніякай няма. Наадварот, толькі дапамагае. Прэзідэнцкія выбары “раскручваюць” Гайдукевіча і “раскручваюць” людзей, якія будуць ісці ў мясцовыя саветы. Я ж буду цягам 2009-10 гадоў у Мінску сустракацца з людзьмі значна актыўней, чым зараз. А калі на выбары ідзе чалавек ЛДП – усе ведаюць, што гэта чалавек Гайдукевіча”.

Больш за тое, лідэр ЛДП прадказаў, якія партыі здольныя выставіць сур’ёзнага кандыдата ў прэзідэнты, і што ім такое сумяшчэнне выбараў таксама пойдзе на карысць.
 
Сяргей Гайдукевіч: “Гэта можа зрабіць толькі Беларускі народны фронт і ЛДП, якія самастойна могуць выйсці на кандыдата ў прэзідэнты. Яны будуць мабільныя і для гэтых партый сумяшчэнне – гэта толькі добра”.

Але намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка не лічыць такое сумяшчэнне ні дрэнным, ні добрым.

Вінцук Вячорка: “Незалежна ад таго, будуць аб’яднаныя ці раз’яднаныя прэзідэнцкія і мясцовыя выбары, галоўным будзе пытанне ўлады, а вырашацца яно будзе толькі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Усе іншыя не прыцягваюць увагі грамадства і не маюць вялікага функцыянальнага сэнсу. Калі рэгістрацыя кандыдатаў дасць дадатковая магчымасці для працы з насельніцтвам, то на гэта варта будзе пайсці, але канцэнтравацца трэба на прэзідэнцкай кампаніі”.

Магчыма, што сумяшчэннем прэзідэнцкіх выбараў і выбараў у мясцовыя саветы сюрпрызы будучых выбараў не абмяжуюцца. Ёсць верагоднасць, што да таго часу Палата прадстаўнікоў прыме закон, паводле якога 50% дэпутатаў будуць абірацца па аднамандатнай сістэме, а 50% – па партыйных спісах. А значыцца, і падыходы да выбарчай кампаніі могуць змяніцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі