Мінчанін, які атрымаў цяжкія траўмы ў ДТЗ падчас Хаўера, 2 гады шукае вінаватых

Мінчанін, які атрымаў цяжкія траўмы ў ДТЗ падчас Хаўера, 2 гады шукае вінаватых

У шыйным пазванку 23-гадовага Дзяніса Анушкі з Мінска ―тытанавая пласціна. Хлопец на 15% страціў працаздольнасць. Па версіі дактароў, ён не інвалід, але знайсці працу з такой траўмай тэхнік−механік па дыпломе не можа: лекары забараняюць яму ісці на СТА. Дзянісу супрацьпаказаныя фізічныя нагрузкі і доўгае знаходжанне ў адным становішчы. Медыкі раяць знайсці працу “кіраўніка”, але хто возьме на такую пасаду 23-гадовага хлопца, за плячыма якога толькі каледж?

Аўтааварыя, у якой пацярпеў Дзяніс, адбылася два гады таму падчас цыклона Хаўера, калі ў сакавіку Беларусь накрыла моцная завіруха. Тады людзі на шмат гадзін захрасалі ў транспартных заторах, тэхніка не спраўлялася са снегам, а бачнасць на дарогах была ўсяго некалькі метраў.

 

Мінчанін, які атрымаў цяжкія траўмы ў ДТЗ падчас Хаўера, 2 гады шукае вінаватых

Гісторыю, якая адбылася два гады таму, расказвае маці Дзяніса Галіна Анушка.

“Гэта адбылося на трасе Мінск ― Магілёў, 13-ы кіламетр. Сын спыніўся прымусова ў трэцяй паласе: дзяўчыну-кіроўцу занесла папярок дарогі, і некалькі чалавек спынілася, каб дапамагчы. Дзяўчыне дапамаглі, усе кіроўцы раз’ехаліся, а сын не завёўся. Тут у машыну ўрэзалася БМВ Х5, і сын страціў прытомнасць. Хуткую ён выклікаў сабе, іншы кіроўца патэлефанаваў у ДАІ”, ― кажа маці.

З таго часу мінула больш за два гады, а бацькі не могуць знайсці канцоў гісторыі. Яны ніводнага разу не бачылі кіроўцу БМВ, а крымінальную справу то закрываюць, то аднаўляюць. Бацькі ўлезлі ў страшэнныя пазыкі на адвакатаў, накіроўваюць у Следчы камітэт і пракуратуру лісты і скаргі, але іх спускаюць ніжэй і пішуць адно ― справа спыненая, бо “немагчыма правесці следчыя дзеянні, без якіх нельга прыняць рашэнне аб сканчэнні папярэдняга следства”.

“Следчым трэба дачакацца наступнага Хаўера, які можа быць праз сто гадоў! Няўжо ў міліцыі няма прылад, каб разлічыць, як усё было? Запытаць метэаралагічныя ўмовы, якія былі ў той дзень, гэта адкрытая інфармацыя. Няма такіх праграм, каб высветліць, як усё было?” ― скрозь слёзы пытаецца маці.

Мінчанін, які атрымаў цяжкія траўмы ў ДТЗ падчас Хаўера, 2 гады шукае вінаватых

Яшчэ адзін цёмны момант: акт аб ДТЗ складаўся без удзелу пацярпелага Дзяніса. Хлопцу далі падпісаць паперы ў машыне "хуткай", калі Дзяніс быў за некалькі гадзінаў ад аперацыі, бо вострыя аскепкі пераламанага пазванка пагражалі жыццю.

Дыплом Дзяніс пісаў і абараняў у ложку. Але працаваць па спецыяльнасці не можа.

“Мне шкада свайго сына: і прафесія ёсць, і сын мог бы быць карысным, працаваў на СТА, але яму забаранілі дактары і кажуць перавучвацца. Але дзе ўзяць на гэта грошы? Яму 23 гады, лічы, пачатак жыцця, а хлопец нідзе не працуе. Мне не трэба, каб кіроўцу каралі, але хочацца чалавечага стаўлення, законы быццам для ўсіх аднолькавыя. Калі машына ўязджае ў “зад” іншай машыны, звычайна вінаваты той, хто ўехаў. А тут яшчэ і пашкоджанні. І вінаватым хочуць зрабіць майго сына: задаюць пытанні, ці стаяў у яго аварыйны знак, ці былі ўключаныя агні. Але як ён мог выставіць знак, калі гэта сутыкненне адбылося за секунды?” ― пытаецца маці.

За пашкоджанні машыны Дзяніса “Белдзяржстрах” налічыў 1 000 000 рублёў, але пакуль ідзе следства, грошы яму не выплачваюць. За 2 гады памер кампенсацыі ў доларавым эквіваленце знізіўся са 120 да 58 долараў. У выніку сям’я не пабачыла ні вінаватага кіроўцы БМВ Х5, ні страхоўкі за машыну.

“Нам не выплацілі ні страхоўку, ні маральныя, ні матэрыяльныя страты, бо крымінальная справа то закрываецца, то адкрываецца”, ― кажа маці.

Бацькі Дзяніса просяць парады ў чытачоў:

“Калі нехта трапляў у падобную сітуацыю, калі ласка, парайце, што рабіць”.

Тэлефон бацькоў Дзяніса Анушкі можна знайсці ў рэдакцыі. Нам можна патэлефанаваць па нумары 8 017 3212296 (99) ці напісаць на электронную пошту [email protected].

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі