Мінчанка, асуджаная за 1,5 таблеткі экстэзі, пакінула іх у згубленым багажы

Мінчанка, асуджаная за 1,5 таблеткі экстэзі, пакінула іх у згубленым багажы

25-гадовая мінчанка, асуджаная на 12 гадоў калоніі за паўтары таблеткі экстэзі, пакінула іх у валізе, якую згубілі ў аэрапорце. Падрабязнасці яе справы абнародаваў Вярхоўны суд. Паводле інфармацыі прэс-службы ВС, 7 студзеня дзяўчына прыбыла ў Мінск на самалёце з Паўночнага Кіпра. Авіяперавозчык згубіў яе багаж, пра што пасажырка заявіла мытнікам. Запаўняючы адпаведную дэкларацыю, яна паведаміла, што ў багажы няма ніякіх забароненых рэчываў. Да праваахоўнікаў паступіла інфармацыя, што дзяўчына можа мець дачыненне да вывазу іншых дзяўчат у Турцыю для заняткаў прастытуцыяй. Праз два дні, калі валіза прыбыла ў Мінск, яе вырашылі праверыць і знайшлі там 1,5 таблеткі псіхатропу MDMA, схаваных у шкарпэтку, што ўскладняла пошук забароненага рэчыва. Псіхатроп выявіла кіналагічная служба пры дапамозе навучанага сабакі.

Пасля затрымання абвінавачаная паведаміла, што таблеткі экстазі атрымала ад знаёмага ў начным клубе ў Паўночным Кіпры і наўмысна хацела іх схаваць ад мытнікаў. Таксама было выяўлена, што вярнуўшыся ў Мінск, дзяўчына звязвалася па тэлефоне са сваімі знаёмымі і выказвала занепакоенасць у сувязі з затрымкай багажу, бо ў валізе засталіся схаваныя таблеткі. Адна з дапытаных у судзе сведкаў паведаміла, што займалася ў Турцыі прастытуцыяй і ведала, што абвінавачаная неаднаразова спажывала псіхатропы.

У судзе былі прадстаўленыя іншыя доказы па справе: пратаколы агляду і даследаванні аўдыёзапісаў, раздрукоўкі тэлефонных размоваў, у якіх абмяркоўваўся эфект ад спажывання таблетак, а таксама паведамленне ад мужа (шлюб зарэгістраваны ў Турцыі) з выявай белых таблетак россыпам.

Нягледзячы на заявы абвінавачанай, што яна прывезла таблеткі толькі для сябе і не збіралася іх прадаваць, суд прызнаў гэтыя звесткі непраўдзівымі. У выніку дзяўчына атрымала шэсць гадоў за кантрабанду (ч.3 арт.228 КК) і дзесяць — за набыццё, перавозку і захаванне асабліва небяспечнага рэчыва (ч.3 арт.328 КК). Паводле ч.3.арт.72 КК шляхам частковага складання пакаранняў абвінавачанай канчаткова прызначылі 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

Гэтае рашэнне вынес Кастрычніцкі суд Мінска 6 чэрвеня 2016 года. У жніўні апеляцыю разгледзіў Мінскі гарадскі суд, але пакінуў рашэнне без зменаў. Прысуд набыў законную моц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі