Мінчанка тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа
Пенсія мужа налічвалася на яго банкаўскую карту, ілюстрацыйнае фота
Мінская пенсіянерка стала фігуранткай крымінальнай справы аб махлярстве. Ёй 74 гады. І апошнія тры гады яна атрымлівала пенсію памерлага мужа, распавялі ў мінскай міліцыі. Сілавікі звярнулі ўвагу на гэтую гісторыю, калі жанчына прыйшла ў міліцыю і заявіла, што ў яе знік муж. Яна сцвярджала, што муж з'ехаў за мяжу і перастаў выходзіць на сувязь. Аднак аператыўнікі высветлілі, што мужчына ўжо некалькі гадоў мёртвы, і жанчына пра гэта ведала. Яны разам былі ў гасцях у дачкі ў адной з краін Еўрасаюза. Там мужчына і памёр.
Пенсіянерка вярнулася дадому і ўгаварыла знаёмага, вонкава падобнага на мужа, аформіць ад яго імя даверанасць на права распараджэння маёмасцю. З гэтым дакументам перапісала кватэру на дачку, прадала лецішча і аўтамабіль. І тры гады атрымлівала пенсію нябожчыка-мужа, якую працягвалі налічваць на яго банкаўскую карту. Паведамляць у міліцыю пра знікненне мужа яна пайшла, калі скончыўся тэрмін дзеяння карты.
Следства ўжо падлічыла, што сума шкоды перавысіла 22 тысячы рублёў. Справа заведзеная па артыкуле аб махлярстве ў буйным памеры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.