Мінчук хоча размаляваць дом на Маркса творам мастака Івана Хруцкага

Выпускнік Акадэміі мастацтваў Міця Післяк хоча намаляваць твор Івана Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной” на сцяне жылога дома 25 па вуліцы Карла Маркса. На работы па падрыхтоўцы сцяны, а таксама фарбы і будаўнічыя рыштаванні яму трэба 32 мільёны. Каб сабраць грошы, мастак размясціў свой праект на краўндфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

За 2 тыдні Післяку ўдалося сабраць 12% ад неабходнай суммы. На карціну скінулася нават жыхарка таго самага дома, дзе мусіць з’явіцца твор, распавядае Міця Післяк.

Міця Післяк: “Я гэтую сценку даўно прыгледзеў і хацеў яе аформіць. Да таго ж, поруч — Мастацкі музей. Адміністрацыя раёна, куды я звяртаўся восенню, была радая такой ініцыятыве. Я выбіраў, якога мастака ўзяць, але карціны Івана Хруцкага добра кладуцца на маю чорна-белую графіку. Адна жанчына з гэтага дому дала мільён на праект”.

Пры гэтым калегі з мастацкага асяроддзя ўжо паспелі выказаць свае сумневы ў гэтым праекце, дадае Міця Післяк.

Післяк: “Яны пратэстуюць, кажуць, што праца не ў тэму. Галоўны аргумент, што я недастаткова вядомы, каб размалёўваць штосьці ў цэнтры горада”.

Працы Міці Післяка сёння ўжо можна пабачыць у некаторых раёнах горада. Намаляваць гэтую працу ён плануе сёлета з 1 ліпеня па 1 жніўня. Потым мастак хоча пашыраць праект “Карціна на сцяне” на іншыя гарады: Кіеў, Берлін, Парыж, Мілан, Барселона, Нью-Ёрк. У гэтых гарадах ён плануе намаляваць творы мастакоў, якія там жылі і працавалі.

Іншыя працы Міці Післяка:

Міця Післяк:

Фота: ulej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі