Мінчук памёр у бальніцы пасля ўколу распаўсюджанага антыбіётыку
Укол, ілюстрацыйнае фота
12 сакавіка ў 11-й гарадской бальніцы Мінска памёр 24-гадовы мінчук Данііл, піша сайт "Зеркало".
Па словах знаёмага, хлопца лячылі ад сінусіту пасля выраўноўвання насавой перагародкі. Смяротным для яго стаў укол антыбіётыку.
Па словах знаёмага Данііла, малады чалавек праходзіў медкамісію ў ваенкамаце. Яго не ўзялі ў войска, бо меў праблемы з перагародкай і складанасці з дыханнем. Маладога чалавека накіравалі ў лякарню, дзе ў канцы лютага яму зрабілі аперацыю.
Праз тыдзень Данііла выпісалі дадому, але ён працягваў лячыцца. У хлопца развіўся сінусіт, і 11 сакавіка доктарка прапанавала на тыдзень легчы ў бальніцу. На наступную раніцу маці адвезля яго ў лякарню, а ўвечары ёй паведамілі пра смерць сына.
Па словах знаёмага, у медыцынскіх дакументах прычынай смерці называецца анафілактычны шок (вострая алергічная рэакцыя) пасля ўвядзення антыбіётыку цэфтрыаксону. Лекары спрабавалі рэанімаваць маладога чалавека, але ягоны стан пагаршаўся вельмі хутка.
"Наколькі я ведаю, усё адбылося вельмі хутка, літаральна за хвіліны. Яму зрабілі ўкол, яго вырвала, ён сказаў: "Кепска дыхаць", — і адключыўся", — кажа суразмоўца выдання.
Паводле яго, раней алергіі на лекі ў Данііла не было. Доктарка сказала, што раней яму ўжо калолі прэпарат той жа групы — і ўсё было ў парадку.
Паведамляецца, што праверку інцыдэнта праводзіць пракуратура.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.