Мінчукам прапаноўваюць скардзіцца, калі кошты растуць следам за доларам
Калі вырас курс долара, многія прадаўцы паспяшаліся перапісаць цэннікі.
Курс долара ў Беларусі за апошні тыдзень істотна вырас. Многія прадаўцы паспяшаліся перапісаць цэннікі на больш высокія, адзначае "Комсомольская правда". Начальнік ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава кажа, што з гэтай нагоды ва ўпраўленне ўжо прыйшла скарга.
У выходныя мужчына пабачыў у інтэрнэт-краме халадзільнік і замовіў яго. А праз дзень супрацоўнікі крамы паведамілі яму, што кошт вырас адразу на 2 мільёны рублёў.
Мінчук напісаў скаргу ва ўпраўленне гандлю Мінгарвыканкам. Праверка вызначыла, што кошт быў узняты неабгрунтавана. Таму халадзільнік мінчуку прадалі па першапачатковым кошце — такім чынам ён зэканоміў 2 мільёны рублёў.
Каб у прадаўцоў не было спакусы перапісаць цэннікі, Мінгарвыканкам вырашыў узмацніць кантроль над коштамі і гандлёвымі надбаўкамі. Чыноўнікі абяцаюць, што будуць кантраляваць і інтэрнэт-крамы. Па словах Емяльянавай, штраф можа скласці двайную суму перавышэння кошту, а да гэтага дадасца штраф службовай асобе.
Фота: kp.by