Прэм’ера Into the Mind: ахвочыя паглядзець на экстрым не ўлезлі ў кінатэатр

У мінскім “Цэнтральным” кінатэатры нечакана аншлаг. Квіткі на сеанс, нават не заяўлены ў асноўнай праграме, немагчыма набыць на ўваходзе. Усе аматары экстрыму клапоцяцца загадзя атрымаць праходку на прэм’еру новага фільма пра лыжнікаў і сноўбардзістаў – “Into the Mind”.

Па прызнанні арганізатараў, маладой кампаніі, якая называе сябе Zero Day, выхад на вялікую кінасцэну для іх — гэта ўпершыню.

“Мы паказваем фільмы такога кшталту з мінулага года, але дагэтуль былі невялічкія паказы. “Цэнтральны” для нас пераломны момант, — кажа Максім з Zero Day. — Цяпер жа мы бачым, што попыт на такія фільмы ў нас сапраўды маецца”.

“Такія фільмы” створаныя ў спецыфічным кінажанры, на які ўжо даўно працуе індустрыя экстрэмальнага спорту. Яны падобныя на зацягнуты рэкламны ролік, там амаль няма дыялогаў ці закадравага тэксту, але заўсёды ёсць шыкоўная музыка і неверагодныя аператарскія рашэнні. Кадры — гэта нарэзка звышпрыгажосці некранутай прыроды і вар’яцкіх трукаў, як у нашым выпадку, ад лыжнікаў ці сноўбардыстаў, якія літаральна злятаюць з гор разам са снежнай лавінай.

Уражанні ад такіх фільмаў, звычайна, моцна матывуюць заняцца экстрымам:

“Я толькі ў мінулым годзе асвоіла сноўборд, — дзеліцца ўражаннямі маладая дзяўчына Каця, для якой “Into the Mind” апынуўся першым фільмам такога жанру. — Але пасля гэтага фільму я ўжо хачу зрабіць тое самае — з’ехаць з якой-небудзь страшэннай гары, а не таўчыся ў лыжных парках”.

Старэйшыя гледачы разважаюць больш скептычна. Яны кажуць, што 99,9% жыхароў планеты Зямля ніколі ў жыцці не пабачаць таго, што пабачылі акцёры і здымачная каманда “Into the Mind”, і ўжо тым больш не паўтарыць іх трукаў.

“Трэба пачынаць з дзяцінства трэніравацца, каб нешта падобнае рабіць. А не ў 30, калі ты думаеш, што ўжо паспяховы і можаш сабе дазволіць паляцець у Гімалаі, — заўважае лыжнік Макс Брубакер, — на гэтую горку зможаш паглядзець толькі знізу, бо рэальна не пацягнеш”.

Арганізатары збіраюцца паказваць такія фільмы і далей.

“З улікам таго, што ў такіх фільмах паказваецца ўзровень, шматлікія нашы райдары, хто катаецца на лыжах ці сноўбордзе, спытаюць сябе: а чаму мы так не катаемся? Чаму мы так не можам, а яны могуць? Гэта хоць крыху, але будзе падштурхоўваць нашых людзей да ўдасканалення сваіх магчымасцяў,” — верыць арганізатар паказу Максім.

Усе, хто не трапіў на прэм’еру, а сярод іх былі і тыя, хто стаяў у вытоках развіцця экстрымальнага спорту ў Беларусі, не абураліся, а, наадварот, радаваліся, што ёсць на што прасадзіць не патрачаныя 90 тысячаў на квіток: адзначыць бум інтарэсу да экстрыму, хаця б у кіно.

“На такіх паказах звычайна кісла, прыходзіць некалькі дзесяткаў людзей, якіх я і так ведаю, — кажа сноўбардзіст са стажам Зміцер Бабіцкі. — А тут нешта нерэальнае! 166 месцаў, усе раскупленыя.... Каб мне сказалі пра такое, я б не паверыў”.

З першым снегам мусіць адчынніца лыжна-сноўбардовы сезон. Паглядзім, ці будзе такі ж неспадзяваны бум на сцюдзёных пляцоўках, а не ва ўтульных крэслах кінатэатра.

Фота: Zero Dayintothemindmovie.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі