Мінфін: “Ну хто ў міністра будзе дэмантаваць кандыцыянеры?”

Паводле новай пастановы Саўміна ўсталёўваць на фасадах будынкаў, што выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы, нельга не толькі спадарожнікавыя антэны, але і кандыцыянеры. Вядома ж, Еўрарадыё вырашыла падлічыць кандыцыянеры на міністэрскіх будынках.
 
Іду да Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, што на Берсана — гэта побач з плошчай Незалежнасці. На будынку з боку вуліцы Мяснікова — кандыцыянеры.
 
“Гэта ж пра "талеркі" нешта акцэнтавалася, не? Мы атрымлівалі ўзгадненне ў мясцовых выканкамах. І кандыцыянеры размешчаны з тыльнага боку будынку. Да таго ж, гэта і раней існавала, мы ведалі і атрымлівалі. Гэта ж даўно дзейнічала, мо проста ў парадак пачалі прыводзіць?” — так мяркуюць у Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, на сайце якога размешчана тая самая ўрадавая пастанова.
 
А вось у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі, што на праспекце Незалежнасці, кандыцыянеры вісяць прама на ўваходзе — і нават не адзін і не два.
 
“А што, нельга, каб яны віселі на ўваходзе?” — здзіўляюцца ў прыёмнай Міністэрства інфарматызацыі і сувязі. Нармальна так, здзіўляе такая рэакцыя і мяне: звычайным жыхарам нельга ўсталёўваць, а міністэрствам — можна? 
Далей — на будынку Міністэрства эканомікі і суседняга Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На фасадах вісіць амаль 10 кандыцыянераў.
 
“Гэта не наш будынак. Гэта будынак Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. І ўсе, што вісіць на будынку, — гэта іх”, — кажуць мне ў прэс-службе Міністэрства ЖКГ.
 
Пра тое, што мая хата з краю, нічога не знаю, ведаюць і ў Мінфіне. Будынак не іх, таму кандыцыянеры таксама не іх:
 
“Яны (кандыцыянеры. — заўв. Еўрарадыё) паўсюль вісяць. Будынак належыць ГГУ Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Гэта іх усё. Вы разумееце, гэты кандыцыянер вісіць у кабінеце міністра фінансаў — што іх, дэмантаваць, што іх, здымаць трэба?” — кажуць у Мінфіне.
 
Еўрарадыё: А я думала, што ўсе людзі роўныя…
 
Мінфін: “Гэта адказныя людзі. І для якіх трэба ствараць умовы. Усе не роўныя. У нас ёсць міністры, а ёсць звычайныя супрацоўнікі. Хацелася б, канечне, каб для ўсіх былі кандыцыянеры”. 
 
Разам з гэтым ў Мінфіне пра правілы ўсталёўкі кандыцыянераў ведаюць: 
 
“Дык яны даўно ўжо — гэтыя правілы. Мінгарвыканкам нам гэтыя паперкі прысылаў. Але гэта будынак Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Вы ж разумееце, што мы не можам перанесці вынасны блок кандыцыянера на іншы бок будынку, калі кабінет міністра выходзіць на вуліцу Савецкую?” — здзіўляюцца далей маёй недасведчанасці ў Мінфіне.
 
У Галоўным гаспадарчым упраўленні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якому ўсе гэтыя будынкі належаць, Еўрарадыё кажуць, што ўсе кандыцыянеры ўсталяваныя з дазволу:
 
“Дазволы на ўсталёўку атрымлівалі ў мясцовых органах”.
 
Такая дысцыплінаванасць у гаспадарчых пытаннях толькі радуе. Але ў адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска заўважаюць, што ўсе пытанні вырашаліся раней, а зараз новая пастанова. І калі кандыцыянеры ўсталяваныя без дазволу — будуць дэмантавацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі