Мінфін: з бюджэту на Еўрапейскія гульні выдаткавана 266 мільёнаў рублёў
Міністэрства фінансаў паведаміла пра крыніцы фінансавання Еўрапейскіх гульняў.
Як паведамлялася раней, на падрыхтоўку і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала 540 мільёнаў рублёў. З бюджэту было выдаткавана амаль палова гэтай сумы — 266 мільёнаў рублёў. Каля 40% складаюць крэдыты Банка развіцця — 2018 мільёнаў рублёў. Астатняя частка грошай — пазабюджэтныя крыніцы: спонсарская дапамога і продаж квіткоў.
Мінфін падкрэслівае, што гэтыя выдаткі былі не марнымі: "Пад эгідай II Еўрапейскіх Гульняў дадатковыя інвестыцыі ў развіццё інфраструктуры Рэспублікі Беларусь да цяперашняга часу склалі 380 млн рублёў (70 адсоткаў у агульным аб'ёме фінансавання)".
Паведамляецца, што за кошт бюджэтных сродкаў праведзеныя мадэрнізацыя, рамонт і абсталяванне 12 найбуйнейшых спартыўных аб'ектаў (у тым ліку Рэспубліканскага цэнтра па вяслярных відах спорту, Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама", комплексу "Мінск-арэна", мабільнага сезоннага катка "Palova arena", "Чыжоўка-Арэна", Палаца спорту ды іншых), спартыўных збудаванняў і інтэрнатаў Студэнцкай вёскі. За сродкі бюджэту набывалася сучаснае спартовае, медыцынскае і тэлевізійнае абсталяванне для іншых аб'ектаў бюджэтнай сферы, а таксама транспарт, які пасля Еўрапейскіх гульняў будзе перададзены бюджэтным арганізацыям.
За крэдыты Банка развіцця былі ўзвезеныя будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спартыўнай медыцыны, шматпрофільная спартыўная зала па гульнявых відах спорту, інтэрнат Студэнцкай вёскі; рэканструяваны спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С. Цімашэнкі і алімпійскі спартыўны комплекс "Стайкі". Таксама за кошт гэтых крэдытаў былі набытыя чатыры перасоўныя тэлевізійныя станцыі фармату HD.
Мінфін разлічвае яшчэ на паступленне грошай ад продажу Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі правоў на тэлетрансляцыю і рэалізацыю міжнароднай маркетынгавай праграмы.
"Канчатковая ацэнка даходаў і выдаткаў, звязаных з правядзеннем II Еўрапейскіх Гульняў 2019 года ў г. Мінску, будзе праведзеная па заканчэнні мерапрыемства", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.