Мінгандлю перасцерагае беларусаў ад куплі лекаў у інтэрнэце

Міністэрства гандлю Беларусі перасцерагло грамадзян ад набыцця лекаў у інтэрнэце. Гаворка пра гэтую праблему адбылася на нядаўняй сустрэчы ў Мінску прадстаўнікоў Мінгандлю, міністэрства па падатках і зборах, міністэрства аховы здароўя, СМІ і ўладальнікаў шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў. Адзначаецца, што мэтай мерапрыемства было не дапушчэнне ў будучыні правапарушэнняў у справе продажу лекаў і рэкламы такой дзейнасці.

Як адзначае прэс-служба Мінгандлю, міністэрства аховы здароўя зафіксавала "шматлікія выпадкі", калі праз інтэрнэт прадаюцца лекі, у тым ліку і тыя, якія ў нашай краіне незарэгістраваныя і забароненыя для рэалізацыі, тыя, якія купленыя ў замежжы, маюць парушаныя ўпакоўкі. Адзначаецца, што рэкламуюцца лекі, якія могуць прызначацца толькі ўрачом пасля абследавання. Паводле Мінгандлю, гэта сведчыць пра парушэнне цэлага шэрагу нормаў заканадаўства.

Чыноўнікі адзначаюць, што ў выпадку, калі беларусы набываюць лекі праз інтэрнэт, бяспека для іх здароўя не гарантаваная. На сустрэчы гаварылася пра неабходнасць увядзення на сайтах у інтэрнэце тэхнічных абмежаванняў для змяшчэння там рэкламы ад фізічных асобаў, якія прадаюць лекі. Таксама мусіць з'явіцца "мадэрацыя" такіх рэкламных аб'яваў. І праца ў гэтым накірунку ўжо распачалася.

У паведамленні Міністэрства гандлю адзначаецца, што фізічным асобам, якія праводзяць і рэкламуюць незаконную дзейнасць, якая можа нанесці шкоду здароўю людзей, пагражае адміністрацыйная адказнасць — штраф у памеры ад 900 тысяч да 5 млн 400 тысяч рублёў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі