Мінгарвыканкам: У Мінску немагчыма будаваць жыллё па коштах, якія вызначыў урад
У студзені-жніўні 2018 года ў Мінску было ўведзена ў эксплуатацыю 38 шматкватэрных жылых дамоў. Такую лічбу назваў першы намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Юрый Качэрга, інфармуе БЕЛТА.
Па словах чыноўніка, сярэдні кошт квадратнага метра для грамадзянаў, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, склаў 919 рублёў. Гэта вышэй за нарматыў, вызначаны ўрадам. "Урадам даведзены паказчык 718 рублёў, але ў Мінску яго вытрымаць на сённяшні дзень немагчыма. Асноўная прычына, што ў сталіцы даражэй, чым у рэгіёнах, — складанасць тэрыторыі з-за неабходнасці зносу будынкаў і збудаванняў. У асноўным у рэгіёнах сабекошт 700-800 рублёў", — прызнаўся Качэрга.
Ад пачатку года ў Мінску здадзена ў эксплуатацыю 343 тысяч квадратных метраў жылля, з іх 29 тысяч квадратных метраў — індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.