Мінгарвыканкам забараніў выступ гурта "ТТ-34"
У Мінску забаранілі канцэрт гомельскага гурта "ТТ-34". Выступ мусіў адбыцца ў клубе Re:public 18 снежня 2018 года. Але музыкі толькі цяпер вырашылі абнародаваць гэтую інфармацыю, піша tut.by.
Вакаліст гурта Любамір Крыжаноўскі распавёў журналістам, што канцэрты іх калектыву не адмянялі ўжо даўно. "Гэтае пытанне пачало ўздымацца нядаўна і толькі датычна Мінска. Летась гастрольная дзейнасць па Беларусі ў нас была актыўнай — мы выступалі ў Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелі. Плюс на мерапрыемствах тыпу байкфэстаў", — пералічвае музыка.
У адмове на правядзенне канцэрту чыноўнікі Мінгарвыканкама спаслаліся на Кодэкс аб культуры. У гэтым дакуменце гаворыцца, што ў выдачы гастрольнага пасведчання можа быць адмоўлена праз "нізкі мастацкі ўзровень выканаўцаў".
На думку Крыжаноўскага мастацкі ўзровень гурта мусяць вызначаць гледачы, а не чыноўнікі.