Мінгарвыканкам зноў не дазволіў канцэрт Змітра Вайцюшкевіча (дакумент)
Змітру Вайцюшкевічу зноў адмовілі ў правядзенні канцэрта ў Мінску. 24-га лютага музыка разам з прыхільнікамі збіраўся адзначыць 81-я ўгодкі са дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Аднак арганізатары атрымалі адмову.
"Мы падалі на гастрольку два тыдні таму. Тыдзень таму сказалі, што ёсць шанец, але дайце тэксты на вычытку. Паслаў я ім тэксты Маякоўскага і Барадуліна", — распавядае музыка.
Прачытаўшы тэксты Маякоўскага і Барадуліна, Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама даслала адказ.
“На падставе пункта 16 главы 3 “Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”(…) у выдачы гастрольнага пасведчання для правядзення (…) мерапрыемства-канцэрта “Зміцер Вайцюшкевіч “Арыстакратка кахання”” вам адмоўлена”, — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення Паўла Скалабана.
Цікава, што пункт, на які спасылаецца чыноўнік, даволі аб’ёмны, таму дакладна незразумела, што канкрэтна стала прычынай адмовы — гэта можа быць і прапаганда парнаграфіі і недакладныя звесткі ў дакументах.
Пункт 16:
“Упраўленне ідэалагічнай работы прымае рашэнне аб адмове ў выдачы пасведчання ў выпадку:
выяўлення Рэспубліканскай (абласной) экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці наяўнасці ў мерапрыемстве элементаў прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці;
супадзення часу (тэрмінаў) і месца правядзення мерапрыемства з мерапрыемствам, раней запланаваным іншым арганізатарам мерапрыемства;
наяўнасці ў прадстаўленых арганізатарам мерапрыемства дакументах недакладных звестак або неадпаведнасці іх патрабаванням гэтага Палажэння;
парушэнні iншых патрабаванняў гэтага Палажэння і іншых актаў заканадаўства”.
Адзначым, што Змітру Вайцюшкевічу не дазваляюць выступаць пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года. Адзіны афіцыйны канцэрт музыку ўдалося сыграць у кастрычніку 2014-га года. Пасля гэтага яму зноў адмаўляюць у атрыманні “гастролькі”.
"Раз на два-тры месяцы мы стараемся падаваць заяўку на канцэрт. З часоў таго кастрычніцкага канцэрта мы атрымалі прыкладна шэсць адмоваў у правядзенні", — рэзюмуе музыка.
Бліжэйшыя паўгода Вайцюшкевіч правядзе ў Варшаве: спявак атрымаў адмысловую стыпендыю і будзе вывучаць польскі эстрадны музычны тэатр у межах праграмы Міністэрства культуры Польшчы.
.