Мінінфарм адказаў Севярынцу наконт абнародавання яго размоваў у фільме на БТ
Міністэрства інфармацыі не бачыць парушэння закону ў тым, што на БТ была абнародаваная прыватная тэлефонная размова Паўла Севярынца са Змітром Дашкевічам. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным адказе Севярынцу, які падпісала міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Адказ з міністэрства сустаршыня аргкамітэта абнародаваў у сваім акаўнце на Фэйсбуку.
Прыватная тэлефонная размова Севярынца і Дашкевіча прагучала ў тэлефільме "Званок сябру", паказаным на БТ увесну. Ён прысвячаўся абароне Курапатаў і веснавым пратэстам "недармаедаў".
Севярынец ужо звяртаўся ў праваахоўныя органы, каб праверылі законнасць таго, што яго прыватная размова прагучала на БТ. Аднак у УУС Першамайскага раёна Мінска адказалі, што парушэння закону няма, бо супрацоўнікі БТ не шукалі самі запіс гэтай размовы, а атрымалі ад "ананімнай крыніцы"
Да гэтага ж зводзіцца і адказ Ліліі Ананіч.
"Адказ міністра інфармацыі можна цалкам публікаваць у рубрыцы "Ноў комэнт". У цэнтры Еўропы нечакана разгарнулася цэлая пірацкая дзяржава. У вас крадуць вашу прыватную размову, яе выстаўляюць у эфір на агляд мільёнаў, і — барабанная дроб! — урад афіцыйна прызнае гэта абсалютна дазволеным! Застаецца падняць "Вясёлага Роджэра" па-над будынкам Міністэрства інфармацыі на праспекце Пераможцаў, 11 і хорам, усім міністэрствам, зацягнуць песню "Пятнаццаць чалавек на куфар мерцвяка." Капітан Флінт адпачывае", — іранізуе Севярынец.