Міністэрства аховы здароўя зраўняе кошты ў прыватных і дзяржаўных клініках?

Пакуль у прыватных цэнтрах адзін спецыяліст прымае па 16 чалавек у дзень, у дзяржаўную клініку на прыём прыходзіць толькі адзін. У аўторак на On-line канферэнцыі на сайце tvr.by міністр аховы здароўя РБ Васіль Жарко заявіў, што цэны на платныя медыцынскія паслугі як у дзяржаўных клініках, так і прыватных цэнтрах павінны стаць аднолькавымі:

“Гэта павінна ўсталяваць справядлівасць на рынку здароўя, таму што дзяржаўныя клінікі знаходзяцца ў няроўных умовах з прыватнікамі”.

А пасля дадаў, што спіс платных паслуг будзе пашырацца. Ці будуць цэны ў паліклініках падымацца да ўзроўню прыватных цэнтраў альбо ў тым жа “Нардзіне”, “Ладэ” стануць як дзяржаўныя, адказваць на гэта пытанне ў Міністэрстве аховы здароўя ўсе адмовіліся.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, наколькі адрозніваецца кошт на платныя паслугі ў розных медыцынскіх установах. Аказалася - у дзесяткі разоў. Так, у сталічнай паліклініцы №20 масаж робяць за 1400 беларускіх рублёў, а ў “Нардзіне” – за 55 тысяч. За прыём лекара ў розных больніцах таксама прыйдзецца аддаць па-рознаму: у №20 – 9180 рублёў, у №18 – 8 тысяч, а вось сталічная паліклініка №25 аказалася самай таннай.

Касір: УГВ (УЗИ) брушной поласці 21 тысяча, кансультацыя тэрапеўта і неўролага – 2330, хірурга – 1850, гінеколага – 4000 .

Касір заверыла нас, што малыя цэны ўсё роўна не прывабліваюць пацыентаў. У асноўным, платнымі паслугамі карыстаюцца тыя, у каго няма прапіскі. Розніца ў кошце залежыць ад абсталявання, катэгорыі лекара. Калі прыём будзе весці прафесар, тады цана ў прэйскуранце будзе вышэй на 10-15 тысяч.

Увогуле, самыя папулярныя платныя паслугі – агульнае УГВ (УЗИ), кансультацыя педыятра, уролага, гінеколага. Напрыклад, у медыцынскім цэнтры “Экамедсэрвіс” самай запатрабаванай паслугай з’яўляецца генетычнае абследаванне плода, якое каштуе 98-102 тыс., а вось у паліклініцы №20 – усяго 21 тысячу. Кошт кансультацыі лекара ў прыватным цэнтры вышэй у 3,5 раза.

Касір: Кансультацыя стаматолага каштуе 6 тысяч, гінеколага з аглядам на крэсле ў залежнасці ад таго, які лекар будзе весці прыём, -- ад 35 да 50 тысяч. Кансультацыя ўролага – 35 тысяч.

На пытанне Еўрарадыё, ці чуў што-небудзь спецыяліст па маркетынгу цэнтра “Ладэ” Павел Кузаўка пра заяву міністра, ён шчыра адказаў.

Павел Кузаўка: Ці будзем мы зніжаць цэны? Хутчэй за ўсё – не. Адкуль у вас увогуле гэта інфармацыя?

Астатнія калегі Паўла лічаць, што падстройвацца прыйдзецца не дзяржаўным паліклінікам, а прыватным цэнтрам. Нягледзячы на даволі ўнушальную розніцу паміж іх паслугамі, мінчукі больш давяраюць “Нардзіну” і “Ладэ”. Аб гэтым гавораць і лічбы: да спецыяліста ў цэнтр прыходзіць 16 чалавек у дзень, а ў паліклініку – усяго адзін. Таму няма ніякай падставы лічыць, што пасля таго, як кошт стане аднолькавым, усе кінуцца ў дзяржаўныя паліклінікі.

Фота — www.medicalsearchweb.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі