Міністэрства гандлю: Да супермаркетаў ProStore прэтэнзій пакуль няма
Пустыя паліцы і недахоп прадуктаў — такія паведамленні пра сетку супермаркетаў ProStore прыходзяць ужо тыдзень. А бізнесмен Юрый Чыж, якому належыць буйны рытэйлер, месяц знаходзіцца пад вартай.
Ці сапраўды ў ProStore зніклі прадукты. У супермаркеце каля метро "Малінаўка" паліцы пустымі не выглядаюць. Піва толькі два віды ў двухлітровых бутэльках. Увесь стэнд застаўлены гарэлкай адной маркі.
"Няма паставак пакуль", — каротка адказваюць супрацоўніцы супермаркета і іншых тлумачэнняў не даюць.
Не поўныя паліцы з хлебам і малаком, але невялікі выбар ёсць. У іншай краме, размешчанай у "Арэна-сіці", паліцы з хлебам, з тварагом паўпустыя. На некаторых стэндах, каб запоўніць дзіркі, паставілі трохлітровыя слоікі з бярозавым сокам.
У курыным аддзеле прадаюць толькі супавыя наборы. У рыбным — толькі асетр і фарэль, няма карпаў ды іншай свежай рыбы. Два акварыумы пустуюць.
"Не давезлі сёння, але мусяць прывезці", — гаворыць прадаўшчыца. Ад чаго ўзніклі перабоі і як доўга працягнуцца, яна не ведае.
Амаль пусты аддзел з шакаладкамі. І нават на касе стойкі з мятнымі цукеркамі ды жуйкамі напаўпустыя.
"Нічога, гэта пакуль, хутка ўсё наладзіцца", — адказвае касір.
У галоўным офісе кампаніі не тлумачаць, чаму ўзніклі перабоі з таварамі. Але дакладна адказваюць:
"Пра закрыццё супермаркета у нас інфармацыі няма. А калі вы нешта не знайшлі ў краме, скажыце нам — разбярэмся".
Пакуль не маюць прэтэнзій да "Прастора" і ў Мінгандлі. Нават пастаўшчыкі не скардзяцца:
"Мы з імі працуем, на сёння праблем няма", — кажуць на "Малочным заводзе №1", які пастаўляе прадукцыю ў сеткі ProStore.
Мінскі хлебазавод таксама не скардзіцца:
"Наша прадукцыя там ёсць. А калі яе менш, магчыма, у іх змены".
Па інфармацыі Еўрарадыё, адзін з гіпермаркетаў ProStore можа перайсці да "Кароны".