Міністр абароны пракаментаваў гібель салдата ў Печах. На 15-ы дзень
Міністр абароны Андрэй Раўкоў пракаментаваў гібель радавога Аляксандра Коржыча ў вучэбным цэнтры ў Печах пад Барысавам. Гэта адбылося праз 15 дзён пасля таго, як салдата тэрміновай службы знайшлі ў пятлі.
Міністр дагэтуль не прабачыўся перад матуляй Коржыча. У загалоўку навіны інфармагенцтва БелТА аб заяве Раўкова сказана, што ён прынес сваякам загінулага салдата спачуванні. Але ў тэксце спачуванняў няма. Што праўда, ёсць пазнака, што навіна будзе дапоўненая. Але, калі так, дык відавочна, што спачуванні былі не галоўным з таго, што сказаў міністр.
Войска — гэта школа для маладых людзей, і ў вайсковым калектыве не павінна быць халатнасці і баязлівасці, — перадае думку Андрэя Раўкова БелТА. "Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых, — працягвае міністр. — Не павінна быць смерцяў ваеннаслужачых, асабліва тэрміновай службы, у мірны час".
Пасля таго, як сталі вядомыя страшныя падрабязнасці пра смерць Аляксандра Коржыча, у сеціве з'явілася петыцыя з патрабаваннем адстаўкі Міністра абароны. За некалькі дзён яе падпісала больш за 11 тысяч чалавек.
Апошнія некалькі дзён у беларускім войску працягваецца праверка. Па яе выніках пяцёра вайскоўцаў звольненыя, яшчэ двое адхіленыя ад выканання абавязкаў.