Міністр адукацыі Швецыі сышла ў адстаўку: папалася на п’янай яздзе
Міністр адукацыі Швецыі Аіда Хаджыяліч пакінула сваю пасаду пасля таго, як трапілася на яздзе ў нецвярозым стане, паведамляе ВВС са спасылкай на шведскую прэсу. Хаджыяліч, баснійскую мусульманку паводле паходжання, спынілі для праверкі на дарозе з Капенгагена ў Мальмё.
Жанчына вярталася з канцэрту. Перад тым як сесці за руль яна выпіла два келіхі віна і разлічвала, што алкаголь хутка “выветрыцца”. Аднак праверка паказала, што ў яе крыві 0,2 праміле алкаголю.
Свой учынак чыноўніца назвала “найвялікшай памылкай у жыцці”. Прэм’ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен даў згоду на адстаўку Хаджыяліч і ўжо прызначыў выканаўцу абавязкаў міністра.
Аіда Хаджыяліч заняла пасаду міністра адукацыі ў 2015 годзе, калі ёй было 27 гадоў. Яна стала наймаладзейшым у гісторыі Швецыі чальцом кабінета міністраў і першай мусульманкай у краіне на такой пасадзе. Бацькі прывезлі яе ў Швецыю ў пяцігадовым узросце.
Хаджыяліч заявіла, што ўсведамляе цяжкасць парушэння і гатовая да пакарання і штрафу.