Міністр працы распавяла, як будуць расці заробкі і пенсіі ў 2019-м
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" запэўніла, што ў 2019 годзе заробкі і пенсіі будуць расці.
"Безумоўна, гэта закране і бюджэтнай сферы. Задача па заробках у гэтай сферы — не менш за 80% у адносінах да сярэдняй заработнай платы па краіне. Працягнецца работа па павышэнні зарплаты настаўнікам, лекарам і іншым нізкааплатным катэгорыям работнікаў", — заявіла чыноўніца. Касцевіч дадала, што рэальныя заробкі ў Беларусі, скарэктаваныя на інфляцыю, выраслі на 15%.
Яна таксама паведаміла, што стаіць задача, каб пенсія па ўзросце складала 40% ад сярэдняга заробку па краіне. Для гэтага пенсіі павінныя павялічыцца не менш як на 14%. "Мы тры разы ў 2018 годзе ўздымалі пенсіі, і ў выніку па снежні сярэдняя пенсія па ўзросце — 394 рублі. Рост у намінале — на 20%, у рэальным выяўленні — на 16%", — заявіла міністр працы.
Акрамя таго, Касцевіч заявіла пра скарачэнне ўзроўню агульнага беспрацоўя ў краіне.