Міністр спорту распарадзіўся звольніць спартсменаў, якія патрабуюць перамен

Спартсмены з народам / svaboda.org
Спартсмены з народам / svaboda.org

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заявіў, што міністр спорту Сяргей Кавальчук асабіста дае распараджэння звольніць спартсменаў і супрацоўнікаў, якія паставілі свой подпіс пад зваротам да ўладаў:

"Як нам паведамілі з розных крыніц, міністр спорту Сяргей Кавальчук асабіста дае распараджэння кіраўнікам клубаў і арганізацый звольніць спартсменаў і супрацоўнікаў, якія паставілі свой подпіс пад зваротам", — гаворыцца ў посце Свабоднага аб'яднання спартсменаў у Instagram.

"Але сістэма, пабудаваная на страху, дае відавочны збой. Шэраг кіраўнікоў аказвае супраціў, патрабуючы пісьмовага распараджэнне, а не вуснага. Ім таксама пагражаюць звальненнем. Ні адзін чалавек свой подпіс не адклікаў. Спартсмены гатовыя ісці і дзейнічаць да канца! "

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці гатовы падтрымаць кожнага, хто пацерпіць у выніку дзеянняў з боку міністэрства спорту

У сярэдзіне жніўня больш за 500 спартсменаў зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Беларусі. У ім яны патрабавалі:

1. Прызнаць выбары прэзідэнта 9 жніўня 2020 года несапраўднымі і правесці паўторныя выбары

2. Вызваліць усіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый, якія не маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці.

3. Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

4. Спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

5. Выявіць і пакараць вінаватых у збіцці і зверскіх здзеках над грамадзянамі, затрыманымі падчас мірных дэманстрацый. Кіраўнікі сілавых структур, адказных за гвалт, павінны падаць у адстаўку.

6. Аказаць паўнавартасную медыцынскую, псіхалагічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі