Мінпрацы: “Дармаеду” выгадна перапісаць сваю кватэру на “недармаеда”
Уявім такую сітуацыю. У “дармаеда” дзве кватэры. У адной ён жыве сам з сям’ёй, у другой прапісаная яго маці-пенсіянерка, якая аплачвае камуналку са сваёй пенсіі. Як будуць налічвацца плацяжы за гэтую другую кватэру?
Тлумачэнні, якія чыноўнікі далі 27 красавіка, не даюць адказ на гэтае пытанне. Падчас прамой тэлефоннай лініі Еўрарадыё апісала сітуацыю намесніку міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэю Лабовічу, і вось што ён адказаў:
“Яна [маці] аплачвае, але фактычна плацельшчыкам з’яўляецца “дармаед”, бо ён ― уласнік. Вы ж разумееце, што ЖКГ выстаўляе рахункі ўласніку. ЖКГ ж не бачыць, хто канкрэтна плаціць ― усе рахункі выстаўляюцца ўласніку кватэры. Які з’яўляецца плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг, і паводле Кодэкса жыллёвага, і па ўсёй “нарматыўцы”, якую жылкамгас распрацоўвае”.
Еўрарадыё: У такой сітуацыю кватэру выгадней на маці перапісаць…
Андрэй Лабовіч: Фактычна, так і ёсць.
Выснова: калі вы “дармаед” і адначасова ўласнік кватэры, дык вам выгадней перапісаць жылплошчу на “недармаеда”. Нават у Міністэрстве працы прызнаюць, што гэта дазволіць “дармаеду” не плаціць камуналку па поўных тарыфах.
Што праўда, Андрэй Лабковіч упэўнены, што нашы людзі так проста ад права на ўласнасць не адмовяцца ― хутчэй, заплацяць падатак.