Мінск лічыць справядлівым знізіць кошт на расійскі газ удвая

Мінск лічыць справядлівым знізіць кошт на расійскі газ удвая

Беларусь лічыць, што справядлівы кошт на расійскі газ для нашай краіны — 73 долары ЗША за 1 тысячу кубаметраў. Такую лічбу назваў у чацвер міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык, перадае ТАСС.

Тым часам у самой Расіі лічаць, што сёння газ для Беларусі каштуе 142 долары ЗША за тысячу кубаметраў.

Патупчык падкрэсліў, што беларускі бок кажа не аб зніжцы (на газ), а аб рынкавых роўнадаходных цэнах. "Сёння кошт для Нямеччыны і Украіны за мінусам мытнай пошліны значна меншы, чым для Беларусі", — канстатаваў Патупчык. Гэта, на яго думку, дае ўсе прававыя падставы для Беларусі настойваць на выкананні ў комплексе міжурадавага пагаднення па газе.

На пачатку красавіка прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў называў справядлівым кошт у 80 долараў за 1 тысячу кубаметраў.

Па словах кіраўніка Мінэнерга Расіі Аляксандра Новака, прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі даручылі працягнуць кансультацыі наконт цаны на газ.

Як паведамлялася раней, расійскі бок лічыць, што Беларусь недаплаціла за газ за чатыры месяцы 2016 года больш за 125 мільёнаў долараў. У сваю чаргу, Патупчык адмаўляе такую запазычанасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі