Мінская кавярня “Мулен руж” аднавіла працу
18 снежня кавярня “Мулен руж” аднавіла працу. Але гэтую інфармацыю давялося выцягваць з супрацоўніцы ўстановы “з боем”.
- Добры дзень! Я журналіст Еўрарадыё. Скажыце, калі ласка, вы ўжо адкрыліся?
- ....
- Гэта каварня "Мулен руж"?
- Вы мне скажыце свой кантакт, я перадам яго кіраўніцтву, яно вам ператэлефануе!
- Добра, але вы мне спачатку скажыце, ці адкрыліся вы!
- Я не магу даваць каментары журналістам!
- Забудзьцеся, што я журналіст — уявіце, што я наведвальнік і жадаю ведаць, ці адкрыліся вы.
- Я не магу. Я ж ведаю, што вы журналіст.
- Добра, давайце я цяпер вам ператэлефаную як наведвальнік і задам тое ж пытанне.
- Я вас пазнаю па голасе...
- Не разумею, у чым тут таямніца! Добра, я журналіст, які жадае сёння ў абед прыйсці да вас паесці, магу я гэта зрабіць ці не?
- У вас не атрымаецца, у нас сёння дзіцячыя мерапрыемствы.
- Значыць вы адкрыліся! Дзякуй!
Міністэрства гандлю прыпыніла працу рэстарацыі “Мулен Руж” з 17 снежня. Па выніках пазапланавай праверкі былі “выяўленыя факты рэалізацыі і выкарыстання ў падрыхтоўцы страваў пратэрмінаванай прадукцыі на суму больш за 5,5 млн рублёў, зману спажыўцоў (недаўкладання ў стравы), незахаванне асартыментнага пераліку тавараў і г.д.”
На выпраўленне сітуацыі рэстарану далі 8 дзён, але, відаць, гаспадары “Мулен ружа” справіліся хутчэй. У размове з іншым журналістам Еўрарадыё, які не прадстаўляўся, супрацоўнікі рэстарацыі паведамілі, што сёння ўвечары працуюць у штатным рэжыме.