Мінская міліцыя адправіла экалагічных актывістаў “ратаваць планету ў парк”
Дзесяць актывістаў далучыліся ў Мінску да глабальнай акцыі “Народны кліматычны марш”.
Правядзенне акцыі 21 верасня ў 13.00 паводле мясцовага часу ініцыявала міжнародная экалагічная супольнасць Avaaz. Напярэдадні чарговага саміту ў пытаннях клімату, які адбудзецца 23 верасня ў Нью-Йорку пад эгідай ААН, супольнасць заклікала неабыякавых грамадзян па ўсім свеце правесці ў цэнтры сваіх гарадоў публічную акцыю з мэтай прыцягнуць увагу палітыкаў да праблемы негатыўнага змянення клімату на планеце.
У 13.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска сабралася каля дзясятка актывістаў, якія абазначылі сваю прыналежнасць да глабальнай акцыі элементамі вопраткі зялёнага колеру і зялёнымі паветранымі шарамі.
Прыкладна праз 15 хвілінаў да прысутных падышлі двое міліцыянтаў. Яны пацікавіліся мэтай збору, а калі ім патлумачылі сутнасць акцыі, то параілі актывістам “ісці ратаваць планету куды-небудзь у парк”.
Праз дзесяць хвілінаў удзельнікі акцыі разышліся, інфармуе БелаПАН.