Мінская міліцыя шукае пенсіянера з ледасекам (фота)
Мінская міліцыя абвясціла ў вышук 78-гадовага жыхара сталіцы. Ураджэнца Кыргызстана Яўгена Калеснікава шукаюць супрацоўнікі ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама. Праваахоўнікі падазраюць, што мужчына можа быць датычны да цяжкага злачынства ў Заводскім раёне Мінска.
Паведамляецца, што мужчына пакутуе на псіхічныя захворванні.
На выгляд ён мае 75 гадоў, рост 170-175 см. У мужчыну сярэдні целасклад, валасы кароткія з нязначнай сівізной, твар шырокі. Калеснікаў можа быць апрануты ў цёмныя штаны, падоўжанае паліто цёмна шэрага колеру. На галаве ў яго — чорная шапка-вушанка, на нагах — цёмныя чаравікі.
Мужчына мае акуляры для зроку. Як папярэджвае міліцыя, у яго паводзінах могуць выяўляцца псіхічныя адхіленні, мужчына схільны да агрэсіі. Пры сабе ён можа мець элементы альпінісцкага рыштунку — напрыклад, ледасек.
Пры ім можа быць таксама шэры кот.