Мінскі баец СОБРа нечакана накаўтаваў чэмпіёна свету па муай-тай (відэа)
На турніры беларускі спартовец стварыў сапраўдную сенсацыю.
У паядынку, багатым на размены, беларускі спецназавец перамог знакамітага тайца Айкпрачу. Гэта адбылося 15 лістапада на турніры Kunlun Fight у Кітаі.
Айкпрача лічыцца адным з самых топавых тайскіх баксёраў у сярэдняй вагавай катэгорыі. Ён перамог больш чым у 140 двубоях, быў чэмпіёнам стадыёна Люмпіні і валодаў поясам WMC.
Дзяніс Зуеў, які з’яўляецца "крапавым берэтам" мінскага СОБРа, не ўваходзіць нават у асноўны склад нацыянальнай зборнай па муай-тай (ён выступае ў адной вагавай катэгорыі з Віталём Гурковым). Аднак на турніры у Кітаі беларускі спецназавец арганізаваў сенсацыю. Ён адразу ж пайшоў з Айкпрачой у адкрыты размен і ў першым раўндзе злавіў тайца рукой насустрач.
А на пачатку другога раўнда Зуеў адправіў саперніка ў накаўт.