Мінскі суд адмовіў у іску "Маці-328" да МУС
4 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшло адкрытае судовае пасяджэнне "Маці-328" супраць Міністэрства ўнутраных спраў. Тры маці, чые непаўналетнія дзеці адбываюць пакаранне па "наркатычным" артыкуле, падалі пазоў да МУС. Юлія Астраўко, Ірына Ш. і Вольга С. лічаць, што міліцыя не выканала свой прафесійны абавязак і гэтым нанесла непапраўную шкоду жыццю і здароўю іх сем'яў. Кожная з іх хацела атрымаць кампенсацыю ў памеры 100 тысяч рублёў.
Жанчыны настойвалі, што міліцыя не праводзіла сярод школьнікаў прафілактычнай працы. Прадстаўнікі МУС сцвярджалі, што насамрэч прафілактыка праводзіцца, у тым ліку і праз беларускае тэлебачанне, БЕЛТА. Праваабаронца Павел Левінаў, які выступаў ад імя грамадскасці, спытаўся: хто з моладзі цяпер глядзіць БТ, чытае БЕЛТА? Чаму прафілактыка не праводзіцца праз сацыяльныя сеткі?
На судзе прадстаўнікі адказчыка выступілі з пярэчаннем супраць іску. Яны заявілі, што патрабаванні "з'яўляюцца незаконнымі і неабгрунтаванымі". І суд іх падтрымаў. У маці ёсць 15 дзён на тое, каб абскардзіць судовую пастанову. І яны збіраюцца гэта зрабіць.