Мінскім уладам прапанавалі новы маршрут шэсця на “Чарнобыльскі шлях”
У Мінгарвыканкам пададзеная заяўка на “Чарнобыльскі шлях-2017”. Заяўнікі хочуць сабраць людзей 26 красавіка ў 18.30 каля Тэатру оперы і балету і прайсці па вуліцы Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы (на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Карастаянавай). Там а 20-й гадзіне плануецца ўскласці кветкі і запаліць знічы, інфармуе Радыё Свабода.
Сёлета заяўку на правядзенне вулічнай акцыі падалі прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі БХД, Партыі БНФ, кампаніі “Гавары праўду”, руху “За Свабоду”, партыі “Зялёныя”. Яны кажуць, што па старым маршруце “людзі стаміліся хадзіць”, таму быў прапанаваны новы, такі, які мясцовыя ўлады могуць дазволіць. Мяркуецца, што на “Чарнобыльскім шляху” прагучаць лозунгі супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, будзе і такі лозунг: “Не” — Чарнобылю экалагічнаму і палітычнаму”.