Мінскія ўлады хочуць знесці невысокія дамы па вуліцы Арлоўскай

Мінскія ўлады хочуць знесці невысокія дамы па вуліцы Арлоўскай

Архітэктурныя змены плануюцца ў Мінску па вуліцы Арлоўскай. Гэты раён папоўніць шэраг тых, дзе зносяць малапавярховую і прыватную забудову дзеля шматкватэрных дамоў. Пра гэта ў каментары агенцтву "Мінск-Навіны" распавяла начальнік упраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Вікторыя Далгоўская.

Уздоўж Арлоўскай плануецца ўзводзіць жыллё з убудаванымі аб'ектамі грамадскага прызначэння. Будаваць яго мяркуецца на тэрыторыях, пакуль што занятых сядзібнай або малапавярховай забудовай. Праўда, чыноўнікі ўдакладняюць, што большую частку прыватных дамоў зносіць не будуць. Але, напрыклад, рашэнне будаваць шматкватэрнае жытло ў межах вуліц Арлоўскай — Даўгінаўскага тракта — Шчадрына — Гая прымалася даўно, толькі горад не прыступаў шчыльна да ўвасаблення такіх планаў. 

Па словах Далгоўскай плануецца знесці прыватныя і малапавярховыя дамы ўздоўж цотнага боку вуліцы Арлоўскай ад вуліцы Карастаянавай да Даўгінаўскага тракту. На скрыжаванні Даўгінаўскага тракту з Арлоўскай намячаецца збудаваць транспартную развязку. 

ПДП цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў камітэце архітэктуры. Пасля гэтага планы перададуць у адміністрацыю раёна для правядзення грамадскага абмеркавання.

Таксама для зносу запланаваны ўчастак, абмежаваны вуліцамі Стадыённай —- Нававіленскай — Арлоўскай — Даўгінаўскім трактам. На месцы прыватнага мяркуюць пабудаваць шматкватэрнае  жыллё. Пераўтварэнні плануюцца пасля 2020 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі