Мінскія ўлады яшчэ спадзяюцца, што аўтар “калючага дрота” аплаціць рэстаўрацыю
Аднаўленне мурала аб сяброўстве Мінска і Масквы на сталічнай вуліцы Магілёўская аплаціць мастак, які дамаляваў калючы дрот на графіці. У гэтым упэўненыя чыноўнікі з Мінгарвыканкама.
Цяпер над узнаўленнем малюнка працуюць мастакі, якіх знайшлі гарадскія ўлады. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
Супрацоўніца прэс-службы: “Двое беларускіх мастакоў гэта. За дзень яны мусяць справіцца. А хто будзе аплачваць, мы раней казалі ўжо”.
Раней гарадскія ўлады заяўлялі, што аплаціць узнаўленне малюнка прапануюць мастаку, які дамаляваў калючы дрот. Але яго імя да сёння невядомае.
Графіці аб сяброўстве Мінска і Масквы з’явілася на доме па сталічнай вуліцы Магілёўская, 32 улетку. Малюнак выклікаў неадназначную рэакцыю, а месяц таму невядомы мастак дамаляваў да яго калючы дрот.
“Цяпер у гэтым ёсць нейкі сэнс”, — так аўтар зменаў пракаментаваў гэта. Гарадскія ўлады далі яму тыдзень, каб самому усё выправіць. Але рабіць гэта невядомы аўтар не стаў.