Мінздароўя хоча ўраўняць цэны на паслугі ў прыватнай і дзяржаўнай медыцыне

У прыватным медцэнтры

У прыватным медцэнтры / @lodemed

Міністэрства аховы здароўя Беларусі мае намер "вырашыць праблему" разрыву цэн паміж платнымі паслугамі ў дзяржаўных паліклініках і прыватных медцэнтрах. Аб гэтым кіраўнік ведамства Аляксандр Хаджаеў заявіў у эфіры тэлеканала ОНТ.

Паводле яго слоў, размова ідзе аб шырокім спектры паслуг — "пачынаючы ад стаматалогіі і заканчваючы УГД, іншымі маніпуляцыямі, тымі ж кансультацыямі". Хаджаеў адзначыў, што кансультацыя спецыяліста ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў, а ў прыватным цэнтры ад 50 рублёў. Пры гэтым, "у большасці гэта спецыялісты, якія, не атрымаўшы нейкіх дадатковых ведаў, проста пераходзяць у прыватную сістэму, аказваюць абсалютна тую ж паслугу". На думку міністра, "прафесійна" структура цаны ў абодвух выпадках не адрозніваецца. Хаджаеў лічыць, што "мы павінны быць роўныя перад законам, перад умовамі і ва ўмовах, у якіх мы працуем", тады і "цэны будуць блізкія адзін да аднаго, і сацыяльная нагрузка, і адказнасць нашых прыватных партнёраў будзе крыху іншай"

Нагадаем, беларускія ўлады ўжо спрабавалі прымусіць прыватныя стаматалагічныя клінікі знізіць кошты на свае паслугі. Але поспеху толкам так і не дабіліся. Кошт паслуг заканадаўча знізілі, але прадугледзелі новыя маніпуляцыі. У выніку пацыенты абяцанага зніжэння коштаў так і не заўважылі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі