Мінздароўя: праблемнай па COVID-19 застаецца Гомельская вобласць
У Брэсцкай вобласці пачынае зніжацца захворвальнасць на каранавірус. Пра гэта журналістам заявіў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Чыноўнік паведаміў, што першымі ў звычайны рэжым працы пачалі вяртацца ўстановы аховы здароўя ў Віцебскай вобласці — гэты рэгіён адным з першых і перажыў успышку COVID-19. Эпідэміялагічнае становішча ў Магілёўскай вобласці Піневіч таксама назваў нядрэнным.
"Быў рост захворвання ў Брэсцкай вобласці, прытым практычна па ўсіх буйных гарадах, але захворванне таксама ідзе на спад. У Гомельскім рэгіёне ёсць некаторыя пытанні. Я заўтра туды выязджаю, нашыя спецыялісты там таксама папрацавалі, міністр нядаўна быў", — цытуе БЕЛТА яго словы.
Намеснік міністра заявіў, што сітуацыю ў абласцях трымаюць "на ручным кіраванні" — для кансультацый і метадычнай дапамогі.
Ён запэўніў, што ў беларускіх клініках дастаткова ложкаў для шпіталізацыі цяжкіх хворых.
Як паведамляла прэс-служба Мінздароўя, на 26 траўня ў Беларусі зарэгістравана 38 059 выпадкаў каранавіруса, памерлі 208 пацыентаў. Ужо 21-ы дзень запар колькасць новых выпадкаў перавышае 900 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.